Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Лазурная перамога»: падведзены вынікі сумеснага праекта Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечна і НДЦ «Зубраня»

У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» завяршылася тэматычная змена «Ты і я — адна сям’я», якая аб’яднала выхаванцаў цэнтра з усіх куткоў Беларусі. Праграма змены была насычанай і шматплановай: конкурсы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, знаёмства з гісторыка-культурнай спадчынай Нарачанскага краю, творчыя і адукацыйныя мерапрыемствы.

Важным наваўтварэннем стала далучэнне выхаванцаў змены да медыяпраекта «Архіўны веснік» Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечна. Яго ўдзельнікі — выхаванцы шасці атрадаў — працавалі з архіўнымі дакументамі, вывучалі гістарычныя крыніцы і стваралі ўласныя даследчыя відэаролікі па гісторыі Беларусі.

Дырэктар архіва Іна Зенонаўна Пудакевіч прыняла ўдзел у працы змены ў якасці члена журы, архівісты правялі для зубранят майстар-класы па працы з гістарычнымі крыніцамі. Асаблівая ўвага надавалася метадалогіі архіўнага пошуку: уменню фармуляваць запыт, правяраць звесткі па некалькіх крыніцах, пазначаць архіўны шыфр у даследчай працы.

Маладыя аўтары звярталіся да тэм, якія рэдка становяцца прадметам увагі школьнікаў: гісторыя зямлі, на якой сёння размешчаны «Зубраня», нарачанскае рыбалоўства XIX стагоддзя, вытокі творчасці Янкі Купалы і Максіма Танка, лёс народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, партызанскія сцежкі Мядзельшчыны.

Па выніках абароны праектаў журы вызначыла пераможцу — даследчую відэаробату «Прайсці праз вернасць», прысвечаную Максіму Танку і падрыхтаваную выхаванцамі 6-га «Лазурнага» атрада. Адметнай яе рысай стала не толькі звяртанне да архіўных дакументаў, памятных месцаў, але і жывых сведчанняў: у рамках даследавання маладыя аўтары ўзялі інтэрв’ю ва ўнучкі паэта.

Даследчая змена стала толькі першым этапам вялікага праекта. Ужо ў найбліжэйшы час на базе «Зубранкі» стартуе медыйная змена, падчас якой маладыя рэжысёры, аператары і мантажысты працягнуць працу над якасна распрацаванымі сцэнарыямі-маршрутамі, ператвараючы іх у паўнавартасныя дакументальныя фільмы. А пакуль прапануем ацаніць першую пробу пяра маладых даследчыкаў.

На фота: Падчас узнагароджання