Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь
7 лістапада ў нашай краіне агульнарэспубліканскі святочны дзень – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Калектыў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) не застаўся ў баку ад знакавай даты.
Напярэдадні свята 6 лістапада ў НАРБ адбыўся ўрачысты сход калектыву. Дырэктар НАРБ А.А.Стуканава павіншавала калектыў, адзначыўшы, што гэты дзень сімвалізуе павагу да гістарычнага мінулага, нагадвае аб важнасці адзінства, пераемнасці пакаленняў і ўкладу кожнага работніка ў агульны дабрабыт краіны.
Работнікі НАРБ праслухалі лекцыю кандыдата гістарычных навук В.Ф.Гігіна «Кастрычнік 1917 года ў Мінску». Вадзім Францавіч падрабязна разбірае падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Мінску ў рамках свайго аўтарскага відэапраекта «Гістарычнае асяроддзе» на YouTube-канале «СБ ТВ». Аўтар вядзе гаворку пра стэрэатыпы, якія існуюць адносна рэвалюцыі, адстойвае пазіцыю, што менавіта падзеі восені 1917 года ў Мінску і скліканне Усебеларускага з’езда ў снежні гэтага жа года заклалі трывалы падмурак для наступнага абвяшчэння БССР і фармавання сучаснай суверэннай мадэлі беларускай дзяржавы, а таксама аналізуе, як бальшавікі вырашалі найскладанае нацыянальнае пытанне ва ўмовах імперыі, якая развальваецца.
Акрамя таго, у рамках святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі работнікі аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі НАРБ арганізавалі выставы дакументаў на пляцоўках Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Апеляцыйнага эканамічнага суда Рэспублікі Беларусь і Рэдакцыі часопіса «Юстыцыя Беларусі». Вядучы архівіст НАРБ В.П.Гарматны азнаёміў прысутных з дакументальнымі выставамі «Сведчанні эпохі: Кастрычнік 1917» і «Росчырк гісторыі: Кастрычніцкая Рэвалюцыя ў архіўных дакументах».
Такім чынам, закладзеныя ў мінулым стагоддзі традыцыі стваральнай працы дапамагаюць нам развівацца сёння, а архівісты беражліва захоўваюць гэтую гістарычную памяць, выступаючы сувязным звяном паміж эпохамі.
На фота: Работнікі НАРБ падчас лекцыі к.г.н. В.Ф.Гігіна
![]() |

