Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Удзел БДАМЛМ у свяце «Каласавіны» на Стаўбцоўшчыне

 

1. Помнік Якубу Коласу ў г.Стоўбцы, адкрыты 3 лістапала 2022 г. да 140-годдзя паэта

3 лістапада 2026 года дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) А.А.Макаранка і вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Н.А.Мізон прынялі ўдзел у сваяточных мерапрыемствах «Каласавіны-2026», прысвечаных ушанаванню памяці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа на яго радзіме Стаўбцоўшчыне. Разам з іншымі ўдзельнікамі навуковай канферэнцыі «Каласавіны-2026», паэтамі, пісьменнікамі, мастакамі, прадстаўнікамі грамадскасці архівісты наведалі Стаўбцоўскія мясціны, якім класік беларускай літаратуры прысвяціў многія свае творы: Акінчыцы, Альбуць, Мікалаеўшчыну, Смольню і інш.

У Стоўбцах і Мікалаеўшчыне ўдзельнікі свята ўсклалі жывыя кветкі да помніка і бюста Я.Коласа. Сярод ганаровых прамоўцаў перад грамадскасцю выступіла дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка, якая засведчыла значэнне архіўных дакументаў як важнай часткі культурнай спадчыны паэта ў справе захавання яго памяці.

У філіялах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, якія разам з Выканкамам Стаўбцоўскага раёна сталі суарганізатарамі свята «Каласавіны», госці даведаліся цікавыя гісторыі з жыцця і творчасці Я.Коласа, убачылі фотаздымкі прататыпаў яго герояў, пазнаёміліся з дакументальнымі і мастацкімі артэфактамі. Прыемнае ўражанне госці свята атрымалі ад сустрэч з каларытнымі народнымі калектывамі Стаўбцоўшчыны, якія аздаблялі музейныя абшары сваім выкананнем песень і танцаў. Выставы народных майстроў, майстар-класы і вялікі канцэрт у раённым Доме культуры былі годным завяршэннем маштабнага свята «Каласавіны».

 

2. Удзельнікі цырымоніі ўскладання кветак да помніка Якубу Коласу ў г.Стоўбцы
3. Удзельнікі вандроўкі на Стаўбцоўшчыну перад ускладаннем кветак да помніка Якубу Коласу
4. Намеснік дырэктара музея Я.Коласа А.І.Жасткова, дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка з вітальным словам, унук паэта А.Д.Міцкевіч ля бюста Якуба Коласа ў в.Мікалаеўшчына.
5. Удзельнікі вандроўкі на Стаўбцоўшчыну.