Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Удзел Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у парламенцкіх чытаннях

19 кастрычніка 2026 г. ва ўстанове «Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны» адбыліся парламенцкія чытанні на тэму «Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання ў гады Вялікай Айчыннай вайны», прымеркаваных да 30-годдзя з дня ўтварэння Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У чытаннях прынялі ўдзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргеенка Ігар Пятровіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, работнікі Сакратарыята, гісторыкі, а таксама курсанты Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС, Інстытута пагранічнай службы і Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. У якасці спікераў выступілі дэпутаты – Руслан Касыгін, Анатоль Булаўко, Міхаіл Аксянюк, Галіна Бяляева.

З прывітальным словам таксама выступіў дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Рум Рыма і дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Андрэй Мікалаевіч Ганчар:

— Для Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў зварот да гэтай тэмы мае асаблівае значэнне. У фондзе архіва захоўваюцца матэрыялы, якія адлюстроўваюць дзейнасць органаў дзяржаўнай улады Беларусі і лёсы людзей, якія стаялі ля вытокаў важных гістарычных падзей. Сярод іх – фатаграфіі дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, многія з якіх адносяцца да перадваеннага перыяду. Асаблівасць архіўных дакументаў у тым, што яны захоўваюць канкрэтныя сведчанні свайго часу. Фатаграфія дазваляе ўбачыць чалавека, кінахроніка – звярнуцца да самой падзеі. Разам яны дапамагаюць аднавіць гістарычны кантэкст і ўбачыць за афіцыйнай хронікай лёсу людзей, іх рашэнні і ўчынкі.

Выступленні спікераў суправаджаліся хранікальнымі кадрамі кінахронікі з фондаў БДАКФФД, якая ўключала здымкі 1939 года на нечарговай 5-й сесіі Вярхоўнага Савета СССР, на якім было прынята гістарычнае рашэнне аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. У кадры можна было ўбачыць Сяргея Асіповіча Прытыцкага (падчас выступу), аднаго з сябраў Паўнамоцнай камісіі Народнага сходу Заходняй Беларусі. Другі кінадакумент – хроніка, якая захавала пасяджэнне 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР, (у Гомелі ў пачатку 1944 г.).

На парламенцкіх чытаннях Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь прадставіла планшэтную экспазіцыю «Вярхоўны Савет БССР першага склікання: служэнне народу, вернасць Айчыне» на падставе дакументаў з фондаў БДАКФФД агульнай колькасцю 36 адзінак захоўвання.

 

1. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Андрэй Мікалаевіч Ганчар падчас выступу на парламенцкіх чытаннях, 2026 г.
2. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Рум Рыма падчас выступу на парламенцкіх чытаннях, 2026 г.
3. Падчас парламенцкіх чытанняў, 2026 г.
4. Падчас парламенцкіх чытанняў, 2026 г.
5. Падчас планшэтнай экспазіцыі «Вярхоўная Рада БССР першага склікання: служэнне народу, вернасць Айчыне», 2026 г.
6. Планшэтная экспазіцыя «Вярхоўная Рада БССР першага склікання: служэнне народу, вернасць Айчыне», 2026 г.