«Я толькі тваімі лістамі і жыву»: архівісты Маладзечна прадставілі спецвыпуск «Архіўнага весніка» да Дня маці
Да Дня маці, які адзначаецца 14 кастрычніка, архівісты Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечне падрыхтавалі спецыяльны выпуск медыяпраекта «Архіўны веснік». Яго дакументальнай асновай паслужыў усяго адзін ліст, а злучальнай ніткай паміж эпохамі стала юная даследчыца Міланія Горбач — навучэнка сярэдняй школы №5 г.Маладзечна і выхаванка ваенна-патрыятычнага клуба «Адвага». Менавіта ёй давялося дакрануцца да гісторыі, каб расказаць гледачам аб тым, як матчына любоў і надзея сына дапамагалі людзям выстаяць у самыя цяжкія часы.
«Любімая і дарагая мая маці! Шлю табе вестку аб сабе з далёкага боку… Я толькі тваімі лістамі і жыву. Як атрымаю ад цябе ліст, дык некалькі разоў яго прачытаю і здаецца мне, што бачу цябе…» — гэтыя радкі напісаў з фронту Першай сусветнай вайны салдат 152-га пяхотнага Уладзікаўказскага палка Міхась Ліпскі. Маці для яго была нябачным маяком, тым самым святлом і найвышэйшай прычынай, дзеля якой жадалася выжыць, выстаяць і вярнуцца дадому.
На жоўклым лісце Міхась старанна вывеў не толькі сваё імя, але і дакладны маршрут для матчынага адказу. Сёння гэты ліст захоўваецца ў занальным дзяржархіве ў горадзе Маладзечне як бясцэнны сведка эпохі і напамін пра тое, наколькі важная для кожнага чалавека яго Маці.
![]() |

