Адбыліся XXIV Архіўныя чытанні
8 кастрычніка 2026 г. на гістарычным факультэце БДУ адбыліся XXIV Архіўныя чытанні, прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння гісторыка, археографа і пісьменніка-дакументаліста Мікалая Мікалаевіча Улашчыка. Іх арганізатарамі сталі Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ), Беларускае таварыства архівістаў, кафедра крыніцазнаўства гістарычнага факультэта.
М.М.Улашчык (1906-1986) – выбітны беларускі даследчык мінулага стагоддзя, доктар гістарычных навук, член Археаграфічнай камісіі Акадэміі навук СССР. Ён шырока вядомы вывучэннем летапісання эпохі Вялікага княства Літоўскага, архіўнай і музейнай спадчыны, краязнаўства нашай краіны. Для яго прац было характэрна спалучэнне метадаў і падыходаў розных навук для высвятлення фактаў мінулага. Ён стаў заснавальнікам жанру эга-гісторыі ў беларускай літаратуры. У наш час міждысцыплінарнасць стала істотнай прыкметай паспяховых сацыяльна-гуманітарных даследаванняў. Адной з галоўных традыцыйных пляцовак міждысцыплінарнага і міжгаліновага абмену навуковай думкай у архіўнай справе з’яўляюцца Архіўныя чытанні, заснаваныя ў 2002 г. у БДАМЛМ. У XXIV Архіўных чытаннях прынялі ўдзел больш за 20 даследчыкаў – архівістаў, музеязнаўцаў, гісторыкаў, філолагаў і літаратуразнаўцаў – з розных гарадоў Беларусі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў чытанняў звярнуліся А.Г.Каханоўскі, дэкан гістарычнага факультэта БДУ, А.Я.Цвяткоў, намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, С.М.Ходзін, загадчык кафедры крыніцазнаўства, і А.А.Макарэнка, дырэктар БДАМЛМ. Яны адзначылі важнасць захавання памяці пра М.М.Улашчыка, навуковых даследаванняў, якія вядуцца ў архівах, сувязі архіваў з грамадствам і прафесийным патрыятызме архівістаў. У сваіх пленарных дакладах прафесары БДУ М.Ф.Шумейка і А.А.Гужалоўскі раскрылі ролю М.М.Улашчыка ў развіцці беларускай навукі.
Секцыйныя даклады ўдзельнікаў былі падзелены на дзве буйныя тэмы «Архіўныя дакументы як крыніца вывучэння гісторыі, мовы і культуры» і «Архіўныя дакументы ў даследчай і сацыяльнай прасторы». Яны ахоплівалі шырокае кола пытанняў рэпрэзентатыўнасці архіўнай спадчыны Беларусі ад зместу канкрэтных архіўных фондаў і стварэння фундаментальных архіўных праектаў да вобразу архіваў у лічбавым асяроддзі і ўжывання архіўных крыніц у мэтавых гістарычных і культуралагічных даследаваннях. Абмен вопытам і дыскусіі павінны не толькі зрабіць унёсак у паспяховае вырашэнне існуючых агульных праблем, але і вызначыць магчымыя даследчыя выклікі будучыні.
![]() |
| 1. Удзельнікі XXV Архіўных чытанняў |
![]() |
| 2. Рэгістрацыя ўдзельнікаў |
![]() |
| 3. Выступае А.Г.Каханоўскі |
![]() |
| 4. Ввступленне А.Я.Цвяткова |
![]() |
| 5. Прамова С.М.Ходзіна |
![]() |
| 6. Выступленне А.А.Макаранка |
![]() |
| 7. Пленарны даклад М.Ф.Шумейка |
![]() |
| 8. Пленарны даклад А.Г.Гужалоўскага |
![]() |
| 9. Намеснік дырэктара НАРБ С.В.Кулінок прэзентуе праект «Без тэрміну даўніны. Беларусь» |
![]() |
| 10. Вядучы архівіст БДАКФФД А.І.Траццяк распавядае пра візуальныя дакументы першай сусветнай вайны |
![]() |
| 11. Маладыя даследчыкі з БелНДІДАД, БДАМЛМ, ДАМВ, Нацыянальнай акадэміі навук і БДУ |











