Аб правядзенні ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь заняткаў для слухачоў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі
02 кастрычніка 2026 года ў рамках акцыі «Архівы – школе» на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) былі праведзены навучальныя заняткі для слухачоў Мінскага гарадскога iнстытута развiцця адукацыi.
З прывітальным словам да работнікаў устаноў адукацыі г.Мінска звярнуўся намеснік дырэктара НАРБ, к.г.н. С.В.Кулінок. Святаслаў Валянцінавіч расказаў аб структуры архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь і аб асноўных напрамках дзейнасці архіваў на сучасным этапе. Таксама ў сваім выступленні ён падкрэсліў значнасць узаемадзеяння архіваў і адукацыйных устаноў ва ўмацаванні метадычнай і тэарэтыка-педагагічнай базы.
Загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання НАРБ І.У.Дарагуш правяла заняткі на тэму «Архівы – сховішча гістарычнай памяці». Інэса Уладзіміраўна расказала пра гісторыю архіва, склад і асаблівасці захоўвання дакументаў, работу архіва ў галіне публікацыйнай і выставачнай дзейнасці, а таксама магчымасць выкарыстання архіўных дакументаў у напісанні конкурсных даследчых работ і пры падрыхтоўцы праектаў з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Падчас правядзення лекцыі асаблівая ўвага была ўдзелена рабоце НАРБ у рэалізацыі акцыі «Архівы – школе». Таксама Дарагуш І.У. расказала аб мерапрыемствах, якія праводзяцца НАРБ для школьнікаў і работнікаў устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, адказала на пытанні.
Пасля заняткаў слухачы наведалі архівасховішча фондаў партызанскіх фарміраванняў, дзе азнаёміліся з дакументамі каманднага састава партызанскіх атрадаў і брыгад, награднымі лістамі, фатаграфіямі і iнш.
![]() |
| 1. Намеснік дырэктара НАРБ С.В.Кулінок выступае перад педагогамі ўстаноў адукацыі г.Мінска |
![]() |
| 2. Загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання НАРБ І.У.Дарагуш праводзіць навучальныя заняткі |
![]() |
| 3. Загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання У.В.Дарагуш азнаямлівае педагогаў устаноў адукацыі г.Мінска з дакументамі партызанскіх фарміраванняў |
![]() |
| 4. Педагогі ўстаноў адукацыі г.Мінска падчас наведвання архівасховішча фондаў партызанскіх фарміраванняў |




