30 сакавіка 2018 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адкрылася выстава “Стаім мы перад будучыняй нашай…”
30 сакавіка 2018 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адкрылася выстава “Стаім мы перад будучыняй нашай…”, прысвечанай 100-годдзю з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Назву выстава атрымала паводле радка з вядомага верша Янкі Купалы “Перад будучыняй” (1922).
На стэндах і вітрынах прадстаўлены дакументы беларускіх нацыянальных дзеячаў, якія спрычыніліся ды стварэння БНР. Сярод экспанатаў – карта Беларускай Народнай Рэспублікі, устаўная грамата Рады БНР, вершы Язэпа Варонкі, графічныя накіды Лявона Дубейкаўскага (у тым ліку эскізы дзяржаўных узнагародаў БНР), успаміны Клаўдзія Дуж-Душэўскага пра Вацлава Ластоўскага, нарукаўная павязка Паўла Жаўрыда, артыкулы і апавяданні Язэпа Лёсіка, аўтографы Антона і Івана Луцкевічаў, паштоўка з вершам-песняй Паўліны Мядзёлкі “Пад гоман вясёлы”, дакументы Палуты Бадуновай і Зоські Верас. Можна пабачыць і рэдкія выданні 1-й трэці ХХ ст., да якіх мелі дачыненне заснавальнікі і дзеячы БНР: газеты “Наша Доля”, “Наша Ніва”, “Вольная Беларусь”, часопісы “Варта”, “Беларускі сьцяг”, “Крывіч”, “Беларуская борць”, “Саха”, а таксама падручнікі па граматыцы Я. Лёсіка, “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” В. Ластоўскага, “Батанічны слоўнік” З. Верас і інш.
Першае слова ўзяла гаспадар мерапрыемства дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, якая падкрэсліла, што на выставе – толькі малая частка дакументаў, якія захоўваюцца пераважна ў фондзе № 3 (Калекцыя дакументаў аддзела рукапісаў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў г. Вільні). Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш выступіў з аглядам архіўных сховішчаў, у якіх захоўваюцца дакументы дзеячаў БНР. Гісторык Анатоль Сідарэвіч і літаратуразнавец Мікола Трус расказалі пра свае даследаванні, заснаваныя на архіўных матэрыялах. А намеснік дырэктара БДАМЛМ Наталля Гардзіенка распавяла пра выяўленне замежных сховішчаў з дакументамі БНР і перспектывы далейшых пошукаў.


