Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент – пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны сваім родным у Брагінскі раён
У фондзе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Брагінскага райвыканкама захоўваецца пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Івана Піліпавіча Дегцярэнкі ад 1 сакавіка 1944 года ў вёску Вуглы Брагінскага раёна (Ф.186. Воп.3. Спр.94. Арк.267-268адв). Пісьмо змястозвае наступныя радкі:
«Добры дзень, дарагія родныя мама і Жэня!
Не было канца маёй радасці, калі я сёння, упершыню амаль за 3 гады, атрымаў ад вас пісьмо і даведаўся, што вы жывы і здаровы. Я вам паслаў пісем 8 і пасля вызвалення праз 3,5 месяцы не атрымліваў пісем, таму і страціў амаль усякую надзею. Атрыманнем пісьма я вельмі задаволены і таму радуюся. Можа, яшчэ прыдзецца сустрэцца.
Цяпер нямнога аб сабе. Вайна мяне застала, як вам вядома, на паўвостраве Ханка, адкуль я вам пісаў пісьмы яшчэ да вайны. Эвакуіраваліся з Ханка ў лістападзе 1941 г. у Ленінград.
На Ленінградскім фронце ваяваў 2 гады. Быў 3 раза паранены, але ўдачна, адчуваю сябе здаровым. Здорава царапнула асколкам твар, але нічога, гэта будзе добрай памяццю ад немцаў.
У чэрвені 1943 года нас з Ленінградскага фронту адправілі вучыцца ў г.Саратаў, дзе я знаходжуся і зараз. Зараз мею званне лейтэнанта.
З атрыманнем майго пісьма прашу цябе, Жэня, аба ўсім падробна напісаць: аб сваім жыцці пры немцах і як жывяце ў цяперашні час, ці ёсць у вас хлеб, карова і г. д., аба ўсім выключна. Калі я вам магу чымсці дапамагчы, то напішыце аб тым. <…>
Мама, не вельмі бядуйце аб Ларыёне, можа, ён дасць аб сабе знаць. Вы пражылі болыш за 2 гады пад ігам немцаў, бачылі, колькі людзей гіне, на то і вайна. Мама, турбуйцеся аб сабе, каб жыць добра. Мы ўжо дастаткова дарослыя, каб жыць самастойна і аб сабе патурбавацца.
Прыйдзе час, скончыцца вайна і самі застанемся жывы – збярэмся ўсе разам, успомнім цяжкі час вайны, каб яго канчаткова забыць і больш не ўспамінаць.
На гэты раз дастаткова. Мне прашу пісаць аба ўсім. Ці жывы мой дзядзька Ціхан, Міхноўскія, Сялецкія і інш. Ад вас я атрымаў першае пісьмо, хаця вы пісалі, што гэта было другое. Да пабачэння! Жадаю вам здароўя і шчасця. Ваш Ваня».
На сайце «Памяць народа» (pamyat-naroda.ru) зазначана, што Іван Дзегцярэнка нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Вуглы. У Чырвонай арміі з 1939 года. Узнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда».
Згодна з дадзенымі з пагаспадарчай кнігі на вёску Вуглы за 1944-1946 гады (Ф.473. Воп.3. Спр.3. Арк.72адв-73), там пражывалі родныя Івана Піліпавіча – маці Зінаіда Мікіцішна, сястра Яўгенія і браты Іларыён і Пётр (абодва ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў 1944 годзе прапалі без весткі).
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
| 1-4. ЗДАРэч. Ф.186. Воп.3. Спр.94. Арк.267-268адв |




