Адзіны дзень бяспекі: у ЗГА ў г.Маладзечна прайшла прафілактычная сустрэча
24 верасня ў рамках рэспубліканскага Адзінага дня бяспекі ў зональным дзяржархіве ў г.Маладзечна адбылася інфармацыйна-прафілактычная сустрэча з работнікамі ўстановы. Спікерам мерапрыемства выступіла старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Маладзечанскага ГРАНС Марына Ганчарова.
Архіў — гэта ўстанова з асаблівым статусам, дзе на першым месцы стаіць не толькі захаванасць гістарычных і сацыяльных дакументаў, але і строгае выкананне правілаў пажарнай бяспекі. Менавіта таму прафілактыцы тут надаецца пільная ўвага.
У ходзе сустрэчы Марына Ганчарова нагадала супрацоўнікам аб базавых правілах пажарнай і асабістай бяспекі. Асаблівы акцэнт быў зроблены на бяспечнай эксплуатацыі электрапрыбораў, правілах паводзін у месцах масавага скопішча людзей, а таксама на дакладным выкананні правілаў эвакуацыі пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі. Спецыяліст ГРАНС падрабязна растлумачыла алгарытм дзеянняў у экстраных выпадках і выкліку выратавальнікаў.
Сустрэча прайшла ў фармаце жывога дыялогу: работнікі архіва змаглі задаць цікавыя для іх пытанні і атрымаць кампетэнтныя адказы. Па выніках мерапрыемства ўдзельнікі атрымалі тэматычныя памяткі і інфармацыйныя матэрыялы. Акрамя таго, калектыў установы атрымаў запрашэнне наведаць інтэрактыўны Цэнтр бяспекі, размешчаны на базе ГРАНС Маладзечанскага раёна, дзе ў нагляднай форме можна замацаваць навыкі бяспечных паводзін.
«Падобныя прафілактычныя візіты дапамагаюць сфарміраваць у грамадзян культуру бяспечных паводзін і прадухіліць трагедыі, бо веданне простых правілаў ратуе жыцці і захоўвае маёмасць», — падкрэслiла спікер, завяршаючы сустрэчу.
На фота: падчас мерапрыемства
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |




