Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент – пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны сваім родным у Брагінскі раён

У фондзе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Брагінскага райвыканкама захоўваецца пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Анікея Акімавіча Сніцарэнкі ад 25 студзеня 1944 года ў вёску Чамярысы Хракавіцкага (у цяперашні час – Чамярыскага) сельсавета Брагінскага раёна (Ф.186. Воп.3. Спр.93. Арк.549-549адв). Тэкст пісьма:

«Добры дзень, дарагія мае бацькі, жонка Аня Аўрамаўна, дачка Оля, матуля мая, цесць, цешча, сваты Пашка, Маня і швагер Ваня. У першых радках майго пісьма паведамляю я вам, што пісьмо ваша атрымаў, за якое вельмі дзякую. Я ў цяперашні час застаюся жывы і здаровы, чаго і вам жадаю ў вашым дамашнім жыцці. Прыпісваю я аб Гердзе Міхаіле, што яго цяжка параніла ў баі. Больш пісаць няма чаго. Бывайце, да пабачэння.

Брата майго Івана няма – загінуў у баі. І Фядос Рыгоравіч Сніцарэнка загінуў таксама разам з Іванам.

Перадаю я вам, дарагія мае бацькі, сваё франтавое прывітанне. Да пабачэння».

На сайце «Памяць народа» (pamyat-naroda.ru) зазначана, што Анікей Сніцарэнка нарадзіўся ў 1916 або ў 1919 годзе ў вёсцы Чарацянка Рудненскага сельсавета Жыткавіцкага раёна цяперашняй Гомельскай вобласці. У 1943 годзе Брагінскім райваенкаматам быў прызваны ў Чырвоную армію. Ваяваў у складзе воінскай часці 74268. Загінуў 18 лютага 1944 года ў раёне вёскі Церабаў Петрыкаўскага раёна і ракі Пціч.

Згодна з дадзенымі з пагаспадарчай кнігі на вёску Чамярысы за 1944-1946 гады (Ф.194. Воп.3. Спр.7. Арк.239адв-240), год нараджэння Анікея Сніцарэнкі – 1921-шы, а ў Чамярысах пражывала яго сям’я: жонка Ганна Аўраамаўна, якая працавала настаўніцай, дачкі Вольга і Марыя (1943 і 1944 года нараджэння адпаведна) і маці Харціна Платонаўна.

 

1-2. ЗДАРэч. Ф.186. Воп.3. Спр.93. Арк.549-549адв