БДАМЛМ прыняў удзел у «Марафоне працаўладкавання студэнцкай моладзі» на гістарычным факультэце БДУ

16 верасня 2026 года на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася маштабная прафарыентацыйная пляцоўка ў рамках рэспубліканскай акцыі «Марафон працаўладкавання студэнцкай моладзі», у працы якой прыняла ўдзел дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) Алена Аляксандраўна Макаранка. Мерапрыемства накіравана на папулярызацыю гісторыка-архіўнай адукацыі, садзейнічанне занятасці выпускнікоў і прыцягненне кваліфікаваных маладых спецыялістаў у сацыяльна-гуманітарную сферу.

У сваім выступленні перад студэнтамі гістарычнага факультэта кіраўнік архіва-музея асвяціла пытанні сучасных кадравых патрэб архіўнай галіны, спецыфіку навукова-даследчай і фондавай работы ў спецыялізаваным архіве, а таксама шматгадовы вопыт плённага ўзаемадзеяння БДАМЛМ з Беларускім дзяржаўным універсітэтам як вядучай кузняй кадраў для архіўных устаноў краіны. Асаблівы акцэнт быў зроблены на перспектывах прафесійнага росту маладых спецыялістаў, магчымасцях праходжання вытворчай і пераддыпломнай практыкі, а таксама першых кроках у навукова-публікацыйнай дзейнасці.

У рамках мерапрыемства на пляцоўцы гістарычнага факультэта работнікамі БДАМЛМ была прадстаўлена банэрная выстава, прымеркаваная да 65-годдзя БДАМЛМ. Экспазіцыя наглядна пазнаёміла будучых гісторыкаў і архівістаў з ключавымі напрамкамі дзейнасці архіва-музея, складам яго ўнікальных фондаў, выдадзенымі зборнікамі дакументаў і навукова-папулярнымі праектамі ўстановы. Для студэнтаў таксама быў падрыхтаваны спецыяльны раздатачны матэрыял – сувенірныя закладкі і календары, якія змяшчаюць інфармацыю аб фондах БДАМЛМ.

Удзел у марафоне дазволіў студэнтам напрамую пагутарыць з патэнцыйным працадаўцам, атрымаць адказы на актуальныя пытанні працаўладкавання.

 

1. Выступленне дырэктара БДАМЛМ А.А.Макаранка падчас правядзення «Марафону працаўладкавання студэнцкай моладзі»
2. Дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка і загадчыца аддзела БДАМЛМ В.В.Біруля
3. А.А.Макаранка знаёміць студэнтаў з банэрнай выставай
4. Падчас правядзення «Марафону працаўладкавання студэнцкай моладзі» на гістарычным факультэце БДУ
5. А.А.Макаранка падчас сустрэчы са студэнтамі гістарычнага факультэта БДУ