Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент – пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны сваёй сям’і ў Брагінскі раён

У фондзе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Брагінскага райвыканкама захоўваецца пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Данчанкі сваёй сям’і ад 9 ліпеня 1944 года (Ф. 186. Воп. 3. Спр. 92. Арк. 232-232адв) ў вёску Дублін Спярыжскага сельсавета Брагінскага раёна. Пісьмо змястоўвае наступныя радкі:

«Добры дзень, Анюта! Добры дзень, дачушкі!

Другі дзень іду па вызваленай толькі што тэрыторыі Заходняй Беларусі. Праціўнік не вытрымаў нашага націску і зматаў вуды. Ідзем на Пінск, уперад на захад. Учора праходзілі Столін. Прыхожы быў гарадок, але [цяпер] яго няма, толькі попел ды руіны. Народ эвакуіраваны. Бязлюдна. Увечары пачалі сустракацца грамадзянскія жыхары. [Былі] вельмі рады нам. Спыніўшыся на адпачынак, нас запрасілі ў адзін дом, дзе пачаставалі водкай, мясам, мёдам, малаком.

Памыўшыся, [мы] ўзяліся за працу. Афармлялі дакументы па ўзнагароджанню ўдзельнікаў баёў. Спаць давялося гадзіны 2, а са світаннем зноў ідзем уперад на захад. Па дарозе валяліся трупы забітых немцаў, іх зброя і абмундзіраванне. Даваяваліся чэрці».

Далейшы лёс аўтара пісьма невядомы.

 

1-2.ЗДАРэч. Ф. 186. Воп. 3. Спр. 92. Арк. 232-232адв