Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент – пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны сваёй жонцы ў Брагінскі раён
У фондзе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Брагінскага райвыканкама захоўваецца пісьмо ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Максіма Савельевіча (Савіча) Гарбачэнкі ад 15 кастрычніка 1944 года (Ф. 186. Воп. 3. Спр. 91. Арк. 751-751адв) ў вёску Грушнае Савічскага сельсавета Брагінскага раёна. Пісьмо змястоўвае наступныя радкі:
«Добры дзень, дарагая мая сям’я, Дуня, Люба, Надзя, Маруся. У першых радках майго пісьма дазвольце мне перадаць вам маё гарачае бацькоўскае чырвонаармейскае прывітанне і спяшаюся вас паведаміць, што я жывы і здаровы, чаго і вам жадаю. Заходзімся на Вянгерскай тэрыторыі. Жыву пакуль што добра, увогуле як жыве воін РСЧА. Жыву весела. Адно тое [засмучае], што я не дачакаюся ад вас ніводнага пісьма. <…>
Увогуле як пажываеце, уся мая сям’я, дарагая жонка, матуля і дзеці? Як і дзе пражывае Малочка Васіль, што з ім? Я слыхаў, што яго паранілі ў левую руку. Калі [ён] дома, тады перадавай прывітанне ўсёй яго сям’і, Ганне, Віце. Перадавай цётцы Арыне прывітанне і яе сям’е, і сёстрам таксама, як яны пажываюць?
Я знаходзіўся з Іванам Асіпенкам разам два гады, а зараз ён паехаў у другую часць. Так што прыйшлося [з ім] расстацца, і зараз са мной няма нікога з блізкіх.
Прашу, Дуня, перадавай прывітанне ўсім маім знаёмым. Напішы, як пажываеце ўсе, і ўсё падрабязна. Пішы хутчэй. Напісаў бы больш, але няма паперы.
З тым да пабачэння. Моцна цалую!
Твой верны муж Максім Гарбачэнка».
На сайце «Памяць народа» (pamyat-naroda.ru) зазначана, што Максім Гарбачэнка нарадзіўся ў 1906 годзе ў вёсцы Грушнае. 7 ліпеня 1941 года быў прызваны ў Чырвоную армію. Удзельнічаў у абароне Севастопаля, у час якой, 8 чэрвеня 1942 года, трапіў у палон. Утрымліваўся ў лагеры ваеннапалонных №4 Васлуй (Румынія). Быў вызвалены і, як вынікае з названага пісьма, ваяваў у Венгрыі. Вярнуўся дамоў інвалідам вайны, працаваў у калгасе. 11 студзеня 1945 года радавы Гарбачэнка узнагароджаны медалём «За адвагу», а 6 красавіка 1985 года – ордэнам Айчыннай вайны I ступені.
Згодна з дадзенымі з пагаспадарчай кнігі на вёску Грушнае за 1946-1948 гады (Ф. 218. Воп. 3. Спр. 6. Арк. 105адв-106), жонка Максіма Еўдакія памерла (у далейшым ажаніўся зноў – на Ганне). Васіль Малочка, які пражываў з сям’ёй Гарбачэнка, таксама ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Сам Максім Савельевіч ў 1996 годзе пасля смерці жонкі Ганны Пятроўны выбыў на Украіну да сына.
![]() |
![]() |
![]() |
| 1-3. ЗДАРэч Ф.186 Воп.3 Спр.91 Арк.751-751адв |


