Святкаванне Міжнароднага дня архіваў у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь

12 чэрвеня 2026 года ў дзяржаўнай установе «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» для шырокай публікі былі праведзены асветніцкія і практычныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да святкавання Міжнароднага дня архіваў.

У гэты дзень для гасцей была арганізавана шырокая праграма, якая дала магчымасць не толькі азнаёміцца з фондамі архіва, але і даведацца пра паўсядзённую працу захавальнікаў дакументальнай спадчыны беларускай дзяржавы.

Адной з ключавых падзей святкавання стала аглядная экскурсія па архіве. Наведвальнікі атрымалі магчымасць убачыць, як арганізавана захоўванне дакументаў, і азнаёміцца з сапраўднымі архіўнымі крыніцамі па гісторыі Беларусі, многія з якіх маюць важнае навукова-даследчае і культурнае значэнне. У ходзе экскурсіі загадчык аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм В.Ю.Юркевіч падрабязна расказала аб ключавых аспектах прафесійнай дзейнасці архівістаў, а таксама магчымасцях выкарыстання дакументаў архіва пры вывучэнні гісторыі сваёй сям’і.

Акрамя таго, для ўсіх зацікаўленых быў праведзены практычны майстар-клас па падшыўцы архіўных спраў. Загадчык аддзела навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў В.В.Скамарошчанка асвятліла тэарэтычныя пытанні, якія датычацца падшыўкі спраў, і расказала аб арганізацыі работы ў адпаведнасці з «Рабочай інструкцыяй» па правядзенні пераплётных работ у ДУ «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь». Вядучы архівіст аддзела навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў Т.І.Курдэка расказала пра неабходныя для падшыўкі матэрыялы і патрабаванні да іх. Пад кіраўніцтвам вопытных архівістаў удзельнікі мерапрыемства змаглі асвоіць адзін з галоўных прафесійных навыкаў, неабходных для забеспячэння правільнай арганізацыі захоўвання дакументаў.

Арганізаваныя архівам мерапрыемствы выклікалі вялікую цікавасць у наведвальнікаў, спрыяючы папулярызацыі архіўнай справы і фарміраванню паважлівага стаўлення да захавання дакументальнай спадчыны.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь выказвае падзяку ўсім гасцям, якія наведалі архіў у рамках святкавання Міжнароднага дня архіваў, і нагадвае, што дзверы архіва адчынены для наведвальнікаў і даследчыкаў на пастаяннай аснове.

 

1. Падчас прагляду прэзентацыі, прысвечанай гісторыі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь
2. Падчас прагляду відэароліка «Мы памятаем…»
3-7. Госці архіва падчас наведвання архівасховішча
8-10. Госці архіва падчас правядзення майстар-класа па падшыўцы спраў