У рамках Міжнароднага тыдня архіваў 11 чэрвеня 2026 года ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г.Глыбокае» праведзены круглы стол «Архівы – жаночае аблічча»
У рамках Міжнароднага тыдня архіваў 11 чэрвеня 2026 года ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г.Глыбокае» праведзены круглы стол «Архівы – жаночае аблічча».
На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі раённых архіваў, якія ўваходзяць у зону абслугоўвання Дзяржархіва ў г.Глыбокае, а таксама ветэраны архіўнай галіны.
Дырэктары Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раённых архіваў Людміла Палякова і Таццяна Танканог выступілі з інфармацыямі, у якіх расказалі пра жанчын – супрацоўніц архіваў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё раённых архіўных устаноў.
Загадчык аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Таццяна Аўласава правяла прэзентацыю віртуальнай выставы архіўных дакументаў «Залаты фонд прафесіі – захавальнікі часу». На выстаўцы прадстаўлены дакументы з асабістых фондаў Ганаровых архівістаў Беларусі – Лідзіі Аркадзьеўны Малчун, Зоі Мікалаеўны Раслевіч, Нэлі Аляксандраўны Баравік.
Падчас правядзення круглага стала прысутныя з цеплынёй успаміналі ветэранаў архіўнай галіны: першага дырэктара архіва Марыю Уладзіміраўну Корачкіну, архівістаў Яніну Лявонаўну Казючыц, Марыю Паўлаўну Толч, Людмілу Браніславаўну Іспянкову. Усе яны аддалі служэнню архіўнай справе больш за 30 гадоў.
У памяць аб праведзенай сустрэчы, усім гасцям у якасці сувеніраў былі ўручаны зборнікі матэрыялаў рэгіянальных архіўных чытанняў, якія праходзілі ў Віцебскай вобласці.
На фота: Падчас правядзення круглага стала
![]() |
