Творчая сустрэча пакаленняў: вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі сустрэўся з гімназістамі ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці

У Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці адбылася творчая сустрэча з культавай фігурай беларускай дзіцячай літаратуры – пісьменнікам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Сцяпанавічам Ліпскім. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі навучэнцы сталічнай гімназіі №14.

Сустрэча прайшла ў цёплай і душэўнай атмасферы. Уладзімір Ліпскі шчыра і займальна расказаў дзецям пра свой жыццёвы шлях і шматгадовую працу на пасадзе галоўнага рэдактара легендарнага дзіцячага часопіса «Вясёлка». Прэзентуючы свае творы, аўтар падзяліўся важным сакрэтам сваёй творчасці: кожны яго твор – гэта не выдумка, а рэальныя гісторыі. Менавіта яго ўласныя дзеці і ўнукі сталі правобразамі, натхніцелямі і галоўнымі героямі кніг.

Асаблівае месца ў гутарцы заняў кранальны аповед пісьменніка аб яго сям’і. Уладзімір Сцяпанавіч падзяліўся ўспамінамі аб каханай жонцы Ніне, з якой яны шчасліва пражылі 65 гадоў. Калі каханай жонкі не стала, у памяць аб ёй аўтар напісаў кнігу «Ніна». Варта адзначыць, што гэтая кніга стала агульнай сямейнай справай: на яе старонках сабраны ўспаміны не толькі самога аўтара, але і яго дзяцей, унукаў, сваякоў, а таксама блізкіх сяброў, калег і суседзяў. Гэта гісторыя кахання і вернасці стала для гімназістаў сапраўдным урокам сямейных каштоўнасцяў.

Напрыканцы сустрэчы Уладзімір Сцяпанавіч падарыў гасцям свае новыя кнігі з асабістымі аўтографамі. Падобныя сустрэчы дапамагаюць падрастаючаму пакаленню глыбей зразумець культурную спадчыну Беларусі і пераняць жывую мудрасць ад майстроў слова.

На фота: Падчас мерапрыемства.