Аб адкрыцці выставы, прысвечанай 60-годдзю з дня заснавання Беларускага філіяла УНДІТЭ

У Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі адкрылася выстава, прысвечаная 60-годдзю з дня заснавання Беларускага філіяла Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі (БФ УНДІТЭ).

БФ УНДІТЭ быў утвораны ў Мінску на падставе загада Дзяржаўнага камітэта па навуке і тэхніке СССР № 525 ад 27 мая 1966 года і загада Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі № 43 ад 1 чэрвеня 1966 года.

Установа стала галоўным каардынацыйным і праектным цэнтрам прамысловага дызайну ў БССР, адыграўшы ключавую ролю ў паляпшэнні эстэтычнай якасці тавараў і фарміраванні айчыннай школы мастацкага канструявання.

Асноўнай задачай БФ УНДІТЭ стала распрацоўка метадаў мастацкага канструявання прадукцыі машынабудавання і тавараў культурна-бытавога прызначэння, а таксама каардынацыя сумежных вопытна-канструктарскіх работ.

У 1970–1980-я гады Беларускі філіял перажываў свой росквіт, сабраўшы моцную каманду прафесіяналаў. БФ УНДІТЭ стаў вядучым ва ўсім Савецкім Саюзе цэнтрам па распрацоўцы дызайну сельскагаспадарчай тэхнікі.

Пасля распаду СССР інстытут пачаў новы этап сваёй гісторыі. 17 сакавіка 1992 года БФ УНДІТЭ быў пераўтвораны ў Беларускі інстытут дызайну. 16 кастрычніка 1995 года інстытут быў рэарганізаваны ў Дзяржаўнае прадпрыемства «Нацыянальны дызайн-цэнтр», якое ў чэрвені 2000 года набыло статус Навукова-вытворчага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства. У 2008 годзе завяршыла сваё існаванне.

У экспазіцыі прадстаўлены вопытныя ўзоры абсталявання для аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння, а таксама тавараў народнага спажывання, вырабаў машына- і прыборабудавання, медыцынскай тэхнікі, транспартных сродкаў, трактароў і сельскагаспадарчых машын.

На фота: Выстава, прысвечанай 60-годдзю з дня заснавання Беларускага філіяла УНДІТЭ.