Да Года беларускай жанчыны Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы прадстаўляе дакумент аб медсястры Вялікай Айчыннай вайны Валянціне Луцэнка
Валянціна Міхайлаўна Луцэнка (1923-2016) родам з горада Прылукі Чарнігаўскай вобласці. У першыя гады Вялікай Айчыннай вайны служыла сястрой міласэрнасці ў санітарных цягніках, на фронце, а пасля разгрому дывізіі – у партызанскім атрадзе. У гэты цяжкі перыяд, калі параненыя паступалі пастаянна і ў вялікай колькасці, Валянціна і іншыя ўрачы і медсёстры выратавалі іх жыцці, часта забываючы аб сне і адпачынку. Апрача таго, у час прабывання ў партызанах яна неаднаразова накіроўвалася на разведку ў акупіраваныя вёскі. Пасля ўз’яднання атрада з Чырвонай арміяй Валянціна была залічана ў полк, у складзе якогда па дарогах Беларусі і Літвы дайшла да Кёнігсберга, дзе і сустрэла пераможны май 45-га. Пасля вайны разам з мужам-франтавіком Рыгорам Луцэнкам жыла ў Рэчыцы, дзе працягвала працаваць медсястрой – ў гарадской бальніцы і дзіцячай кансультацыі. У 2016 годзе Валянціна Луцэнка памерла.
Жыццёвы і ваенны шлях Валянціны Міхайлаўны падрабязна выкладзены ў яе аўтабіяграфіі на чатырох аркушах, пераданай ёю на пастаяннае захоўванне ў Рэчыцкі дзяржархіў у 2015 годзе (Ф. 858. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 2-5). У гэтым дакуменце жанчына-ветэран дзеліцца сваімі ўспамінамі і пачуццямі ад вайны: як атрымала першы вопыт у лячэнні воінаў у санітарным цягніку, як у час моцнай бамбёжкі рэзала ўласную вопратку для перавязкі ран, як у партызанскім атрадзе хадзіла на разведку і цудам выратавалася ад фашыстаў і г.д.
![]() |
| 1. Фотапартрэт В.М. Луцэнка. 9 мая 2005 г. ЗДАРэч. Ф. 858. Воп. 1. Спр. 8. Арк. 2 |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
| 2-5. Аўтабіяграфічныя ўспаміны В.М. Луцэнка. 7 ліпеня 2015 г. ЗДАРэч. Ф. 858. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 2-5 |




