Аб правядзенні прэзентацыі выстаўкі, прысвечанай подзвігу У.М.Карвата, у Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці

23 мая 1996 года пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту, адвёўшы падаючы самалёт ад населенага пункта, загінуў Уладзімір Мікалаевіч Карват – ваенны лётчык 1-га класа, падпалкоўнік, начальнік паветрана-агнявой падрыхтоўкі 61-й авіябазы, дыслакаванай у г.Баранавічы Брэсцкай вобласці. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 лістапада 1996 года №484 Уладзіміру Карвату пасмяротна прысвоена званне «Герой Беларусі» за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку. Уладзімір Мікалаевіч стаў першым Героем Беларусі.

Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці падрыхтаваў выстаўку архіўных дакументаў, прысвечаную Уладзіміру Карвату.

На выстаўцы экспануюцца архіўныя дакументы, матэрыялы перыядычнага друку, адкрытых крыніц, звязаныя з подзвігам Карвата У.М. і ўвекавечаннем яго памяці.

22 мая 2026 года з выстаўкай архіўных дакументаў азнаёміліся вучні 10-га класа ДУА «Сярэдняя школа №8 г.Брэста імя Героя Беларусі У.М.Карвата».

Школьнікам таксама правялі аглядную экскурсію па архіве з наведваннем архівасховішча і лабараторыі па рамонце і рэстаўрацыі дакументаў.

У рамках мерапрыемства быў прадэманстраваны дакументальны фільм «Крэпасць-герой», падрыхтаваны Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў.

 

1. Выстаўка «Да 30-годдзя подзвігу Уладзіміра Мікалаевіча Карвата»
2. Падчас прэзентацыі выстаўкі
3. Школьнікі падчас экскурсіі ў архівасховішча
4. У лабараторыі па рамонце і рэстаўрацыі дакументаў
5. Вучні падчас кінапаказу