Дакументальная выстава «Скрозь гады звініць Перамога» адкрылася ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь
8 мая 2026 года ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адкрылася дакументальная выстава «Скрозь гады звiнiць Перамога», падрыхтаваная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, прымеркаваная да Дня Вялікай Перамогі.
У гісторыі нашага народа ёсць свята, якое можна без перабольшання назваць святым. Гэта свята — Дзень Перамогі, які адзначаецца кожны год 9 мая. Памяць пра страшную вайну і Вялікую Перамогу не можа згаснуць: яна навечна ўпісана ў гісторыю нашай краіны і кожнай беларускай сям’і. Менавіта беларусы, адны з першых, хто прыняў на сябе ўдар гітлераўскай Германіі пры нападзенні на СССР, як ніхто іншы, адчулі ўсю цяжкасць мінулай вайны. Знявечаная, але нескароная Беларусь, дзякуючы мужнасці і самаадданасці ўсяго насельніцтва, увайшла ў сусветную гісторыю як рэспубліка-партызанка.
З 1965 г.Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 9 мая стаў нерабочым днём, але ў першую чаргу Дзень Перамогі быў і застаецца ўсімі любімым святам — няхай і са слязамі на вачах! Першая хвіліна маўчання ў СССР была абвешчана менавіта 9 мая 1965 г.На дзяржаўным тэлебачанні ўпершыню трансліраваўся Вечны агонь на фоне Крамлёўскай сцяны пад гук метранома. Хвіліна маўчання папярэджвалася заклікам дыктара да светлай памяці абаронцаў Радзімы, якія загінулі ў імя Перамогі, і завяршалася выкананнем песні.
У Мінску Дзень Перамогі ў гэты год адзначалі асабліва шырока і ўрачыста, з ваенным парадам і шэсцем ветэранаў. Эпіцэнтрам стала плошча Перамогі, дзе ў 1954 г. быў усталяваны 38-метровы манументальны абеліск у гонар воінаў Чырвонай Арміі і партызан, якія загінулі ў баях за вызваленне БССР. Плошчу ўпрыгожылі стужкамі і сцягамі, а з боку парку iмя Горкага ішла алея стэндаў з партрэтамі Герояў Савецкага Саюза — выхадцаў з Беларусі. Ускладанне вянкоў і кветак да Вечнага агню, урачысты сход і канцэрты для ўдзельнікаў вайны — гэтыя пункты ў святочнай праграме з’явіліся таксама на 20-годдзе Перамогі.
Праходзяць дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні, але Вялікая Перамога застаецца сімвалам нацыянальнага гонару, воінскай славы і доблесці. Самымі галоўнымі дзеючымі асобамі Дня Перамогі нязменна з’яўляюцца ветэраны. У гэты дзень усе жыхары краіны выказваюць ім шчырую падзяку.
На выставе прадстаўлены ўнікальныя дакументы, якія адлюстроўваюць гісторыю і традыцыі святкавання святочнага для кожнага беларуса дня – Дня Перамогі. Сярод экспанаваных матэрыялаў – арганізацыйна-распарадчыя дакументы вышэйшых органаў дзяржаўнага кіравання БССР і Рэспублікі Беларусь па ўшанаванні і ўвекавечанню памяці герояў вайны, праграмы святочных мерапрыемстваў i канцэртаў, фотаздымкі з юбілейных парадаў, шэсцяў і памятных акцый, і іншыя.
Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, к.г.н. В.Г.Мазец азнаёміў супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з дакументальнай выставай.
![]() |
| 1. Афіша выставы |
![]() |
| 2. Дакументальная выстава «Скрозь гады звініць Перамога» |
![]() |
| 3. Вядучы навуковы супрацоўнік НАРБ, к.г.н. В.Г.Мазец знаёміць з выставай супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь |
![]() |
| 4. Супрацоўнікі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь знаёмяцца з выставай архіўных дакументаў |
![]() |
| 5. Архіўныя дакументы на выставе |
![]() |
| 6. Архіўныя дакументы на выставе |





