Экскурсія ў БДАМЛМ ў рамках акцыі «Архівы – школе»

 

15 красавіка 2026 года ў рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе» Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прыняў навучэнцаў гімназіі №17 г.Мінска.

Для наведвальнікаў была праведзена спецыялізаваная экскурсія, мэтай якой стала знаёмства з унікальнымі фондамі архіва-музея, якія зберагаюць дакументальную спадчыну выдатных дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва. Загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ В.В.Біруля пазнаёміла гасцей з гісторыяй стварэння архіва, асноўнымі напрамкамі яго дзейнасці і найбольш каштоўнымі экспанатамі. Вучні даведаліся пра асаблівасці працы з архіўнымі дакументамі, пра метады іх апрацоўкі і захавання.

Вядучы архівіст Т.А.Анпілогава распавяла пра жыццё і творчасць выдатнага мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Барыса Аракчэева, чые карціны прадстаўлены на выставе «Горнымі дарогамі. Каўказ», экспануемай у чытальнай зале архіва-музея.

Акцыя «Архівы – школе» з’яўляецца важным напрамкам дзейнасці БДАМЛМ, накіраваным на павышэнне цікавасці моладзі да гісторыі і культуры Беларусі.

 

1. Экскурсія ў БДАМЛМ
2. У чытальнай зале БДАМЛМ
3. Навучэнцы гімназіі №17 г.Мінска ў БДАМЛМ