Праўда Хатынскай трагедыі: архівісты Маладзечна правялі адзіны ўрок памяці

Напярэладні адной з самых журботных дат у календары — 22 сакавіка, калі Беларусь шануе ахвяр Хатынскай трагедыі, — супрацоўнікі Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечна правялі Адзіны ўрок Памяці. Мерапрыемства стала не проста ўрокам гісторыі, а актам грамадзянскага напамінку аб цане, якую заплаціў беларускі народ за права на жыццё.

У актавай зале СШ№12 горада сабраліся навучэнцы старэйшых класаў. Асновай сустрэчы стаў экскурс у трагічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны. Амаль 3 сотні населеных пунктаў Беларусі падзялілі трагічны лёс Хатыні. Маладзечанскі раён – не выключэнне. Школьнікам прадставілі віртуальную выставу «Памяці спаленых вёсак», заснаваную на сапраўдных дакументах з фондаў занальнага архіва. Удзельнікі мерапрыемства змаглі ўбачыць архіўныя даведкі, акты надзвычайных камісій, пайменныя спісы сагнаных і расстраляных мірных жыхароў і іншыя матэрыялы. Лічбавыя копіі пажоўклых лістоў паперы сталі нямымі сведкамі злачынстваў супраць чалавечнасці.

Увазе навучэнцаў таксама быў прадстаўлены фільм «Попел дзяцінства», падрыхтаваны юнымі архівістамі ў рамках міжнароднага конкурсу творчых работ «Без тэрміну даўнасці. Непакорныя». Ён апавядае не толькі пра фізічнае знішчэнне юных жыццяў у агні Хатыні, але і нагадвае пра маральны абавязак сучасных пакаленняў сабраць гэты «попел» у адзіную памяць, каб не дапусціць паўтарэння трагедыі. Архівісты падкрэслілі, што дзеці былі самай безабароннай катэгорыяй ахвяр фашызму, і захаванне інфармацыі пра іх — гэта пытанне нацыянальнай бяспекі і маральнасці.

– Архівы-гэта не проста сховішчы папер, гэта імунная сістэма нацыянальнай памяці. Пакуль існуюць дакументы, якія пацвярджаюць зверствы фашызму, адмаўленне гісторыі немагчыма, — рэзюмавала архівіст аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Марыя Мечкоўская.

 

1-2. Падчас правядзення мерапрыемства.
3-4. Фрагменты віртуальнай выставы «Памяці спаленых вёсак».
5-7. Кадры з фільма «Попел дзяцінства»