Аб правядзенні ўстановай «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» дыялогавай пляцоўкі «Хатынь – наша памяць і боль» у рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы школе»
19 сакавіка 2026 г. на базе ўстановы ДУА «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля» адбылася дыялогавая пляцоўка «Хатынь – наша памяць і боль».
У дыялогавай пляцоўцы прынялі ўдзел: старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці Вашчанка Мая Валянцінаўна, прадстаўнік ад Камуністычнай партыі Рэспублікі Беларусь Гарбачоў Сяргей Іванавіч, настаўнік гісторыі Ярмоленка Антон Сяргеевіч і старшакласнікі школы.
Старшы навуковы супрацоўнік Мая Вашчанка расказала ўдзельнікам мерапрыемства пра тое, што 22 сакавіка 2026 г. у Беларусі адзначаецца Дзень Памяці ахвяр Хатынскай трагедыі і чаму так важна сёння гаварыць пра гэта.
– 83 гады таму ў Хатыні былі спалены жыўцом або расстраляны 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў. Хатынь стала сімвалам нечалавечай жорсткасці і сімвалам таго, што ніколі не павінна паўтарыцца. Хатынь – гэта адна з тысяч вёсак, якія былі сцёрты з твару зямлі разам з іх жыхарамі. Больш за дзевяць тысяч беларускіх вёсак былі знішчаны і больш за пяць тысяч з іх – разам з жыхарамі. Гэта не проста трагічная старонка гісторыі. Гэта ўрок пра сілу беларускага народа, які выстаяў, адрадзіўся з попелу і захаваў сваю памяць, – сказала яна.
Дыялогавую пляцоўку працягнуў Гарбачоў Сяргей Іванавіч, які расказаў навучэнцам пра масавае знішчэнне нацыстамі і калабарацыяністамі мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі Беларусі.
– Сучаснае пакаленне павінна разумець, якой цаной дасталася нам мірнае жыццё. Разумець, што такое вайна, і да якіх жахлівых наступстваў яна прыводзіць. Разумець, для таго каб супрацьстаяць любым спробам апраўдаць злачынствы і перапісаць гісторыю, – сказаў напрыканцы Сяргей Іванавіч.
Навучэнцы задалі пытанні Сяргею Іванавічу як удзельніку ваенных дзеянняў у Югаславіі, дзе ён нёс вайсковую службу ў шэрагах міратворчых сіл. Навучэнцаў цікавіла, што такое вайна ў сучасных умовах. Сяргей Іванавіч расказаў пра вайсковае братэрства і пра тое, як важна і няпроста захаваць лепшыя чалавечыя якасці ў рэальных баявых умовах.
Дыялогавая пляцоўка працягнулася паказам відэароліка «Спаленыя вёскі – сестры Хатыні».
Напрыканцы мерапрыемства навучэнцы ўшанавалі хвілінай маўчання памяць нявінна загінулых мірных грамадзян Хатыні. Акцыя «Жураўлікаў міру» з пажаданнямі скончыла дыялогавую пляцоўку.
![]() |
| 1. Навучэнцы старэйшых класаў ДУА «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля» на дыялогавай пляцоўцы |
![]() |
| 2. Выступленне С.І.Гарбачова |
![]() |
![]() |
| 3-4. Запаленне свечак памяці і хвіліна маўчання |
![]() |
| 5. Прагляд відэароліка «Спаленыя вёскі-сестры Хатыні» |




