Аб удзеле Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь у сумесным выставачнам праекце «Канстытуцыя – асноўны Закон дзяржавы»

12 сакавіка 2026 года ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, адкрыўся сумесны выставачны праект, прымеркаваны да Дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя – асноўны Закон дзяржавы. Да галоўных прынцыпаў, замацаваных у Канстытуцыі, варта аднесці: вяршэнства права, гарантыю і выкананне правоў чалавека і грамадзяніна, дэмакратычны парадак фарміравання органаў улады. Канстытуцыя ўвасобіла ў сабе гістарычны досвед станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Яна грунтуецца на неад’емным суверэнным праве беларускага народа самастойна вызначаць свой лёс і быць паўнапраўным суб’ектам сусветнай супольнасці.

27 лютага 2022 года ў Беларусі адбыўся рэспубліканскі рэферэндум, на якім большасць грамадзян (82,86% ад тых, хто прыняў удзел у галасаваннi, што складае 65,17% ад спісачнага складу выбаршчыкаў) прагаласавала за ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Абнаўлёная Канстытуцыя, якая замацавала статус Усебеларускага народнага сходу, уступіла ў сілу 15 сакавіка 2022 года.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадаставіў на выставу копіі архіўных дакументаў: Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года «Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», пратаколы пасяджэння рабочай групы Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР, Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнні», пратаколы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, і іншыя дакументы. У экспазіцыі таксама можна азнаёміцца з друкаванымі выданнямі са збору Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і матэрыяламі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама з падарункамі замежных дэлегацый.

Выставачны праект, прысвечаны Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адлюстроўвае храналогію станаўлення канстытуцыйных асноў у Беларусі, распавядае пра ход падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі 1994 года, унясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў у сувязі са імклівым змяненнем палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных рэалій.

 

1. Афіша выставы
2. Дакументальная выстава «Канстытуцыя – асноўны Закон дзяржавы» ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці
3-4. Архіўныя дакументы на выставе
5-6. Унікальныя экспанаты на выставе «Канстытуцыя – асноўны Закон дзяржавы»