«Я — пякучка-крапіва» – да 130-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы, паэта, драматурга, народнага пісьменніка БССР, акадэміка АН БССР, грамадскага дзеяча
Фотадакументы з фондаў БДАКФФД прысвечаныя, Кандрату Крапіве, паэту, драматургу, народнаму пісьменніку БССР, акадэміку АН БССР, грамадскаму дзеячу
![]() |
5 сакавіка 2026 г. спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Кандрата Кандратовіча Крапівы (наст. Атраховіч), паэта, драматурга, народнага пісьменніка БССР, акадэміка АН БССР, грамадскага дзеяча.
Галоўным жанрам у творчасці Кандрата Крапівы сталі байкі. Яго творчая біяграфія пачалася ў 1922 г. з публікацыі фельетонаў і сатырычных вершаў, затым шырокую вядомасць набылі яго п’есы, такія як «Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаўранкі», «Брама неўміручасці» і многія іншыя.
Апроч гэтага К.К.Крапіва ўнёс фундаментальны ўклад у развіццё беларускага мовазнаўства, заклаўшы асновы сучаснай беларускай лексікаграфіі.
На YouTube-канале БДАКФФД да 130-годдзя з дня нараджэння Кандрата Кандратовіча Крапівы размешчаны промаролік да выставы «Я — пякучка-крапіва».
У дадзены момант у фондах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў захоўваецца больш за 190 адзінак уліку фотадакументаў з 1915 па 1982 гг., больш за 60 адзінак уліку кінадакументаў з 1939 па 2013 гг., каля 20 адзінак уліку фонадакументаў з 1954 па 1972 гг., звязаных з жыццём і творчасцю Кандрата Крапівы.
Фотадакументы прадстаўлены партрэтнымі і сямейнымі здымкамі пісьменніка, а таксама фотаздымкамі, зробленымі падчас пісьменніцкіх і партыйных з’ездаў, пасяджэнняў у Акадэміі навук БССР, сустрэч з чытачамі.
У фондах архіва захоўваюцца кінасюжэты «Декада белорусской литературы в Москве» (1939 г.) і «Вручение наград деятелям искусства БССР М.И.Калининым» (1940 г.). Гэта самыя раннія кінакадры, якія захавалі драматурга Кандрата Крапіву. У далейшым дзейнасць Кандрата Крапівы знайшла адлюстраванне ў сюжэтах кіначасопісаў «Савецкая Беларусь», «Навіны дня», «Мастацтва Беларусі», «Навука і тэхніка», а таксама ў дакументальных кінафільмах «Новы Мінск» (1953 г.), «Старонкі гісторыі Мінска» (1957 г.), «Белоруссия сегодня» (1975 г.).
Пры жыцці пісьменніка пра яго творчасць было знята два дакументальныя фільмы: першы ў 1961 г. рэжысёрам С.Браўдэ, другі ў 1983 г. рэжысёрам М.Купеевай.
Пасля смерці пісьменніка ў 2010 г. рэжысёр С.Гайдук зноў звярнуўся да яго творчасці. Кандрату Крапіве таксама быў прысвечаны адзін з выпускаў відэапраграмы «Відэа Энцыклапедыя Беларусі. Кандрат Крапіва» ( 2013 г.).
У фанатэцы захоўваюцца запісы выступленняў Кандрата Крапівы падчас пісьменніцкіх з’ездаў і ўрачыстых збораў, а таксама радыёперадачы, прысвечаныя яго творчасці.
Памёр Кандрат Кандратовіч Крапіва 7 студзеня 1991 г., пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
У нашы дні імя Кандрата Крапівы носіць Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
![]() |
| 1. 0-025426 К.К.Атраховіч (Кандрат Крапіва), салдат царскай арміі, удзельнік Першай сусветнай вайны /партрэт/ 1915 г., Калекцыянер К.Крапіва |
![]() |
| 2. 0-052710 Члены беларускага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Узвышша» /сядзяць/: Тодар Кляшторны, Максім Лужанін, Пятро Глебка, Васіль Шашалевіч, Кандрат Крапіва, Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Кузьма Чорны; /стаяць/: Антон Адамовіч, Уладзімір Дубоўка, Уладзімір Жылка, Сяргей Дарожны 26 мая 1928 г., г.Мінск, Калекцыянер М.Камінскі |
![]() |
| 3. 0-134509 Беларускія пісьменнікі Кандрат Крапіва і Максім Танк у дні правядзення Дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў г.Маскве Чэрвень 1940 г., г.Масква, БДАКФФД |
![]() |
| 4. 0-132720 Старшыня Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР М.І.Калінін уручае ордэн Леніна беларускаму драматургу Кандрату Крапіве Чэрвень 1940 г., г.Масква , БДАКФФД |
![]() |
| 5. 0-025417 Беларускі пісьменнік-драматург Кандрат Крапіва з сынам Барысам у гады Вялікай Айчыннай вайны 1942 г., Калекцыянер К.Крапіва |
![]() |
| 6. 2-4153 Удзельнікі спектакля «Мілы чалавек» з аўтарам п’есы Кандратам Крапівай /у 1-м радзе ў цэнтры/ ў Беларускім дзяржаўным тэатры імя Я.Купалы 1945 г., г.Мінск, Фотатэка Грамадскага аб’яднання Беларускага саюза тэатральных дзеячаў |
![]() |
| 7. 0-129725 Беларускі савецкі драматург Кандрат Крапіва разразае стужку і здымае покрыва з мемарыяльнай дошкі на доме ў в.Вязынка Радашкоўчыскага раёна, дзе нарадзіўся народны паэт БССР Янка Купала, падчас мітынгу, прысвечанай гэтай падзеі 1946 г., Маладзечанская вобл., ЦДАКФФД БССР |
![]() |
| 8. 0-112204 Беларускі пісьменнік, загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук БССР, кавалер ордэна Леніна, лаўрэат Сталінскай прэміі, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Кандрат Крапіва /партрэт/ 1949 г., Калекцыянер Я.Рапасаў |
![]() |
| 9. 0-025424 Беларускі пісьменнік-драматург, доктар філалагічных навук, акадэмік АН БССР Кандрат Крапіва і паэт, перакладчык, супрацоўнік Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР Пятро Глебка за працай над руска-беларускім слоўнікам 1950 г., г.Мінск , Калекцыянер К.Крапіва |
![]() |
| 10. 0-003879 Беларускі пісьменнік, лаўрэат Сталінскай прэміі Кандрат Крапіва падпісваецца на дзяржаўную пазыку развіцця народнай гаспадаркі СССР 3 сакавіка 1951 г., Мінская вобл., Фотахроніка БелТА, С.Капелько |
![]() |
| 11. 0-042412 Беларускі пісьменнік, лаўрэат дзвюх Сталінскіх прэмій Кандрат Крапіва ў кабінеце 19 сакавіка 1952 г., г.Мінск, Фотахроніка БелТА, М.Азёрскі |
![]() |
| 12. 1-006045 Пісьменнікі – дэлегаты II Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў (злева направа): Расул Гамзатаў (Дагестан), Петрусь Броўка (БССР), Кандрат Крапіва (БССР), Іраклій Абашчыдзэ (Грузія) у у перапынку паміж паседжаннямі Снежань 1954 г., г.Масква, Калекцыянер Я.Рапасаў |
![]() |
| 13. 0-025423 Беларускі пісьменнік-драматург Кандрат Крапіва з членамі арфаграфічнай камісіі Інстытута мовазнаўства АН БССР 1956 г., г.Мінск, Калекцыянер К.Крапіва |
![]() |
| 14. 0-038379 Віцэ-прэзідэнт АН БССР К.І.Лукашоў, прэзідэнт АН БССР В.Ф.Купрэвіч і віцэ-прэзідэнт АН БССР народны пісьменнік БССР Кандрат Крапіва ў працоўным кабінеце прэзідэнта 3 жніўня 1957 г., г.Мінск, Фотахроніка БелТА, П.Наватараў |
![]() |
| 15. 0-110073 Народны пісьменнік БССР Кандрат Крапіва на ўрачыстым адкрыцці новага будынка Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў г.Мінску 9 лістапада 1959 г., г.Мінск, Фотатэка БРРТЦ |
![]() |
| 16. 1-006829 Народны пісьменнік БССР Кандрат Крапіва ў коле сям’і 1960 г., г.Мінск, Калекцыянер Л.Папковіч |
![]() |
| 17. 0-067088 Выстава твораў народнага пісьменніка БССР Кандрата Крапівы напярэдадні яго 70-годдзя 26 студзеня 1966 г., г.Мінск, Фотатэка БелАКС, В.Казлоў |
![]() |
| 18. 1-010525 Беларускі пісьменнік-драматург, віцэ-прэзідэнт АН БССР, народны пісьменнік БССР, акадэмік АН БССР, лаўрэат дзвюх Сталінскіх прэмій Кандрат Крапіва з унукамі 1968 г., г.Мінск, Калекцыянер І.Берлін |
![]() |
| 19. 1-012833 Выступ народнага пісьменніка БССР Кандрата Крапівы на ўрачыстым вечары, прысвечаным 50-годдзю Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы 10 студзеня 1971 г., г.Мінск, Фотатэка БелАКС, В.Казлоў |
![]() |
| 20. 0-120231 Народны пісьменнік БССР Кандрат Крапіва 1980 г., г.Мінск, Фотатэка Распарадчай дырэкцыі Беларускага тэлебачання і радыёвяшчання |




















