Віртуальная выстава «Эпісталярная спадчына Мікалая Улашчыка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва» на сайце БДАМЛМ
![]() |
14 лютага 2026 года спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння выбітнага даследчыка беларускай мінуўшчыны Мікалая Мікалаевіча Улашчыка (1906 – 1986), які стаяў ля вытокаў цэнтралізаванай дзяржаўнай архіўнай справы Беларусі, быў адметным археографам, гісторыкам, бібліёграфам, краязнаўцам, крыніцазнўцам і мемуарыстам.
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) падрыхтаваў віртуальную выставу «Эпісталярная спадчына Мікалая Улашчыка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва». Пры жыцці М.М.Улашчык вёў актыўную перапіску з многімі дзеячамі беларускіх навукі і літаратуры. Яго лісты, паштоўкі і запіскі захоўваюцца ў розных асабістых фондах БДАМЛМ. Яны адначасова адлюстроўваюць прыватныя ўзаемаадносіны, успаміны, творчы абмен навінамі, думкамі і ідэямі, разгляд дыскусійных пытанняў. Некаторыя з дакументаў М.М.Улашчыка з фондаў архіва-музея ўжо публікаваліся, але большасць чакае сваіх даследчыкаў і публікатараў. Яны павінны прыцягнуць увагу не толькі археографаў і біёграфаў, але і ўсіх, хто шчыра цікавіцца гісторыяй і культурай нашай краіны.
Акрамя таго, 13 лютага 2026 г. у БДАМЛМ адбудзецца круглы стол, прысвечаны 120-годдзю М.М.Улашчыка. У ім прымуць удзел прафесійныя крыніцазнаўцы і бібліёграфы, якія вывучаюць жыццё і творчасць выбітнага даследчыка.
З віртуальнай выставай «Эпісталярная спадчына Мікалая Улашчыка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва» можна пазнаёміцца па спасылцы.
