Адкрыццё вітрыннай выставы ў занальным дзяржаўным архіве ў г.Кобрыне

У Дзяржаўным архіве адкрылася вітрынная выстава, прысвечаная беларускай мове ў справаводстве. Экспазіцыя, якая атрымала назву «Беларуская мова ў справаводстве», прапануе наведвальнікам займальнае падарожжа скрозь час, дэманструючы, як развівалася і выкарыстоўвалася беларуская мова ў афіцыйных дакументах на працягу дзесяцігоддзяў.

На выставе прадстаўлены сапраўдныя дакументы савецкага перыяду, якія ілюструюць ролю беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці і справаводстве. Асаблівую ўвагу прыцягваюць:

– пагаспадарчая кніга асноўных вытворчых паказчыкаў гаспадарак в.Мазалі Пружанскага раёна за 1946-1948 гг.Дакумент з’яўляецца неацэннай крыніцай інфармацыі пра жыццё вяскоўцаў у пасляваенныя гады, іх побыт, гаспадарчай дзейнасці і дэмаграфічных зменах;

– дзяржаўны акт на вечнае карыстанне зямлёй калгасам «Пабеда» Пружанскага раёна (1951 год), які сведчыць аб працэсе калектывізацыі і фарміравання калгаснага ладу, а таксама аб юрыдычным афармленні зямельных адносін;

– зямельная шнуравая кніга калгаса «Боркі» Бярозаўскага раёна (1966 год), якая ўяўляе сабой падрабязны ўлік зямельных участкаў, іх межаў і выкарыстання, што дазваляе прасачыць развіццё сельскай гаспадаркі ў рэгіёне.

Вітрынная выстава таксама знаёміць наведвальнікаў з дакументамі сучаснага перыяду, якія дэманструюць актыўнае выкарыстанне беларускай мовы ў рабоце дзяржаўных органаў і ўстаноў. Сярод іх:

– рашэнні Брэсцкага абласнога і раённых органаў улады аб святкаванні памятных дзён, узнагароджанні ордэнамі і медалямі. Гэтыя дакументы адлюстроўваюць важныя падзеі ў жыцці рэгіёна і краіны, прызнанне заслуг грамадзян;

– пастановы саветаў раённых аддзелаў культуры і адукацыі аб правядзенні раённых мерапрыемстваў, якія сведчаць аб развіцці культурнай і адукацыйнай сфер, падтрымцы беларускай мовы і традыцый;

– палажэнні аб раённых аддзелах, якія рэгламентуюць дзейнасць дзяржаўных органаў;

– агітацыйныя плакаты, якія выкарыстоўваліся для інфармавання насельніцтва пра важныя падзеі.

Усе прадстаўленыя ў экспазіцыі дакументы створаны на беларускай мове, што падкрэслівае яе значнасць як дзяржаўнай мовы.

На фота: Адкрыццё вітрыннай выставы