Захоўваючы памяць пра Афганістан: архівісты Маладзечна наведалі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў архівісты Маладзечна наведалі народны музей баявой славы воінаў-афганцаў, які дзейнічае ў сярэдняй школе №14. Экспазіцыя прысвечана ўдзельнікам вайны ў Афганістане, якія прайшлі праз суровыя выпрабаванні баявых дзеянняў. Тут сабраны фатаграфіі, дакументы, асабістыя рэчы і матэрыялы, якія дазваляюць захаваць памяць пра подзвіг землякоў.

Кіраўніком музея З’яўляецца Ігар Арабей – удзельнік баявых дзеянняў у Рэспубліцы Афганістан, кавалер ордэна «Чырвоная Зорка», палкоўнік запасу, грамадскі дзеяч. У 2025 годзе ў Занальным дзяржаўным архіве ў г.Маладзечна быў створаны яго асабісты фонд, які ўключае каля 200 матэрыялаў, сярод якіх — высокія ўзнагароды і граматы, членскія білеты, фатаграфіі з «гарачых кропак», а таксама іншыя матэрыялы, якія дазваляюць глыбей зразумець жыццёвы шлях і грамадскую дзейнасць кіраўніка музея.

Ініцыятарам сустрэчы выступіла раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Белая Русь». На думку яе лідараў, падобныя мерапрыемствы служаць своеасаблівай «прышчэпкай» ад бяспамяцтва, фарміруюць павагу да тых, хто змагаўся ўдалечыні ад роднай хаты, і дапамагаюць усвядоміць каштоўнасць гістарычнай памяці і грамадзянскай адказнасці.

 

1. Удзельнікі сустрэчы
2. Супрацоўнікі дзяржархіву I.Г.Кутас і Е.А.Крукоўская
3. Народны музей воінаў-інтэрнацыяналістаў
4-7. Фрагмент выставы