Дакументальная выстава «Правасуддзе ў імя жыцця» (да 80-годдзя з дня пачатку Мінскага судовага працэсу па справе аб злачынствах, учыненых нацысцкімі акупантамі ў Беларусі)
15 студзеня 2026 года ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адкрылася дакументальная выстава «Правасуддзе ў імя жыцця» (да 80-годдзя з дня пачатку Мінскага судовага працэсу па справе аб злачынствах, учыненых нацысцкімі акупантамі ў Беларусі), падрыхтаваная Нацыянальны архівам Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) і Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў.
80 гадоў таму, 15 студзеня 1946 г. распачаў працу Мінскі судовы працэс па справе аб злачынствах нацысцкіх злачынцаў у Беларусі, які ўвайшоў затым у гісторыю як «Мінскі Нюрнберг». На судовых паседжаннях, якія распачаліся ў Доме Чырвонай Арміі, у зале не было вольных месцаў. Падзея шырока асвятлялася ў рэспубліканскай прэсе. Да судовай адказнасці былі прыцягнутыя 18 ваенных злачынцаў, якія мелі розныя воінскія званні – ад радавых да генералаў, але ўсіх iх аб’ядноўвал ўдзел у злачынствах супраць беларускага народа. У гады вайны яны кіравалі і актыўна ўдзельнічалі ў карных экспедыцыях, якія суправаджаліся масавымі расстрэламі, рабаваннямі і гвалтам над мірнымі грамадзянамі, спаленнем іх жыўцом, знішчэннем вялікай колькасці сёл і вёсак.
Судовае следства доўжылася да 27 студзеня, потым пачаліся спрэчкі бакоў. Большую частку паседжанняў 28 студзеня прысвяцілі выступам адвакатаў, якія сцвярджалі, што падсудныя, безумоўна, вінаватыя, але заслугоўваюць паблажкі, бо, па-першае, раскаяліся, а па-другое, толькі выконвалі загады вышэйшага кіраўніцтва своёй краіны. Пасля падсудным было дано права апошняга слова.
Прыгавор быў абвешчаны 29 студзеня і быў сустрэты апладысментамі. Ваенны Трыбунал прызнаў кожнага падсуднага вінаватым у учыненых злачынствах. Да пакарання смерцю праз павешанне было прыгаворана 14 ваенных злачынцаў. Прыгавор быў прыведзены ў выкананне 30 студзеня ў прысутнасці вялікай колькасці гараджан.
На выставе прадстаўлены наступныя дакументы НАРБ: Пастанова ЦК КП(б) Беларусі аб арганізацыі судовага працэсу над нямецка-фашысцкімі злачынцамі; стэнаграма судовага працэсу па справе аб злачынствах, учыненых нямецка-фашысцкімі злачынцамі ў БССР; матэрыялы крымінальных спраў на абвінавачаных нямецка-фашысцкіх злачынцаў, і іншыя.
З выставай азнаёміліся супрацоўнікі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
![]() |
| 1. Дакументальная выстава «Правасуддзе ў імя жыцця» ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь |
![]() |
| 2. Архіўныя дакументы на выставе |
![]() |
| 3. Архіўныя дакументы на выставе |
![]() |
| 4. Архіўныя дакументы на выставе |
![]() |
| 5. Супрацоўнікі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь знаёмяцца з выставай архіўных дакументаў |




