Віртуальная выстава «Аляксей Туранкоў: у пошуках «Кветкі шчасця» да 140-годдзя кампазітара на сайце БДАМЛМ

 

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей –БДАМЛМ) прэзентуе новую віртуальную выставу «Аляксей Туранкоў: у пошуках «Кветкі шчасця», прымеркаваную да 140-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага кампазітара, аднаго з заснавальнікаў нацыянальнай прафесійнай музычнай школы.

Творчы шлях Аляксея Яўлапавіча Туранкова стаў знакавай старонкай у гісторыі айчыннай культуры. Яго ўнёсак у развіццё беларускай оперы, сімфанічнай і харавой музыкі атрымаў высокае дзяржаўнае прызнанне яшчэ пры жыцці. Так, у 1940 годзе, у час росквіту свайго таленту, кампазітар быў узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ўдастоены ганаровага звання «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР».

Туранкоў з’яўляецца аўтарам опер «Кветка шчасця» (лібрэта В.Барысевіч, П.Броўкі і П.Глебкі, пастаўлена ў 1939 годзе), «Яснае світанне», балета «Лясная казка». Ён напісаў музыку да многіх драматычных спектакляў («Пінская шляхта» і інш.) і кінафільмаў, займаўся апрацоўкай беларускіх народных песень.

На віртуальнай экспазіцыі прадстаўлены каштоўныя дакументы і матэрыялы з асабістага архіва кампазітара, якія захоўваюцца ў фондах БДАМЛМ. Спадчына майстра паступіла ў архіў-музей у 1974 і 2006 гадах ад пляменніц яго ўдавы — Нэлі Іванаўны Карачун і Зоі Іванаўны Лашнец. Менавіта дзякуючы іх клопату даследчыкі і аматары мастацтва маюць магчымасць пазнаёміцца з аўтографамі музычных твораў кампазітара, фотаздымкамі, лістамі да жонкі Ксеніі Ваўчок.

Аляксей Яўлампавіч Туранкоў пайшоў з жыцця 27 верасня 1958 года і пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску, аднак галоўным помнікам кампазітару застаецца створаная ім музыка.

Запрашаем азнаёміцца з выставай «Аляксей Туранкоў: у пошуках «Кветкі шчасця» па спасылцы.