Прэзентацыя выставы і юбілейны канцэрт «Маэстра беларускай музыкі» — да 135-годдзя з дня нараджэння М.Аладава
19 снежня 2025 г. у Дзяржаўнай ўстанове адукацыі «Дзіцячая музычная школа мастацтваў №2 імя М.І.Аладава г.Мінска» адбылася прэзентацыя выставы «Маэстра беларускай музыкі» і юбілейны канцэрт, прысвечаныя 135-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, аднаго з заснавальнікаў беларускай кампазітарскай школы і музычнай адукацыі Мікалая Ільіча Аладава.
Таленавіты кампазітар, грамадскі дзеяч, дырыжор, педагог М.Аладаў адыграў значную ролю ў развіцці нацыянальнай культуры. З 1924 года яго жыццё і творчасць непарыўна звязаны з Беларуссю. Ён з’яўляецца аўтарам першых у беларускай музыцы драматычных і лірыка-псіхалагічных сімфоній. Музычная спадчына кампазітара налічвае болей за 500 твораў розных жанраў: яму належаць оперы – «Тарас на Парнасе» і «Андрэй Касценя», араторыя, кантаты, 10 сімфоній, камерна-інструментальныя і вакальныя цыклы. М.Аладаў займаўся мастацкай апрацоўкай беларускіх народных песень, зборам вакальнага фальклору.
За амаль паўстагоддзя педагагічнай працы ў Белмузтэхнікуме і кансерваторыі М.Аладаў падрыхтаваў цэлую плеяду вядомых кампазітараў, музыказнаўцаў, музыкантаў, сярод якіх У.Алоўнікаў, А.Багатыроў, Н.Сакалоўскі, С.Нісневіч, Д.Жураўлёў, І.Жыновіч, А.Русак і інш.
Экспазіцыю выставы «Маэстра беларускай музыкі» прадставіла вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) Т.Анпілогава. Яна падкрэсліла, что акрамя архіўных матэрыялаў з фонду М.Аладава на выставе экспануюцца дакументы з фондаў іншых дзеячаў культуры, а таксама копіі дакументаў, перададзеных архіву-музею дачкой кампазітара Радаславай Мікалаеўнай Аладавай у нядаўні час. Гэта рукапісы, нотныя выданні, лісты, службовыя дакументы і біяграфічныя матэрыялы, успаміны і фотаздымкі. Усе гэтыя дакументы сведчаць аб каштоўнасці ўнёску кампазітара ў скарбніцу беларускай музыкі.
У межах навагодняй дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы» падчас прэзентацыі выставы «Маэстра беларускай музыкі» адбылася экскурсія для групы наведвальнікаў з ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Завадскога раёна г.Мінска».
У завяршэнні ўрачыстага мерапрыемства адбыўся святочны канцэрт. У выкананні таленавітых навучэнцаў і выкладчыкаў дзіцячай музычнай школы прагучалі музычныя творы маэстра Аладава.
![]() |
| 1. Падчас прэзентацыі выставы |
![]() |
| 2. Р.М.Аладава падчас прагляду выставы |
![]() |
| 3. Дырэктар дзіцячай музычнай школы А.П.Церахаў і А.А.Макаранка |
![]() |
| 4. Падчас прэзентацыі выставы |
![]() |
| 5. Падчас выступлення А.А.Макаранка |
![]() |
| 6. Падчас прагляду святочнага канцэрта |
![]() |
| 7. Выступленне навучэнцаў дзіцячай музычнай школы №2 імя М.І.Аладава |






