«Код бяспекі: будуем лічбавую будучыню разам». Дырэктар установы «ЗГА ў г.Маладзечна» выступіла ў ролі спікера на дыялогавай пля-цоўцы Беларускай партыі «Белая Русь»

У рамках Міжнароднага дня абароны інфармацыі Маладзечанскае раённае аддзяленне БП «Белая Русь» ініцыявала правядзенне дыялогавай пляцоўкі «Код бяспекі: будуем лічбавую будучыню разам». Сярод спікераў – прадстаўнікі РАУС, гандлю, банкаўскай сістэмы, СМІ і іншых сфер дзейнасці. Пра важнасць захавання інфармацыі распавяла партыйцам дырэктар установы «Занальны дзяржаўны архіў У Г.Маладзечна» Іна Пудакевіч. Яна прадставіла слухачам даклад на тэму «Культура і адказнасць пры рабоце з дадзенымі: архівы ў лічбавую эпоху».

У сваім выступе Іна Зянонаўна адзначыла: ніякая сістэма не будзе надзейнай, калі ў чалавека няма культуры абыходжання з інфармацыяй. Яна падкрэсліла, што архівы – гэта месца, дзе такая культура фарміруецца больш за стагоддзе, і менавіта гэты вопыт неабходна перанесці ў лічбавую эпоху. Галоўная задача архівіста заўсёды заключалася ў тым, каб захаваць інфармацыю так, каб яна служыла грамадству, але ніколі не станавілася пагрозай для чалавека.

Дырэктар звярнула ўвагу на тое, што архівіст заўсёды знаходзіцца на мяжы «трэба» і «нельга»: з аднаго боку, неабходна папулярызаваць да-кументальную спадчыну, рабіць яе даступнай для грамадства, а з другога — строга выконваць абмежаванні, звязаныя, да прыкладу, з асабістай таямніцай грамадзян, з грыфам сакрэтнасці. У гэтым кантэксце яна распавяла аб сістэме адкрытага доступу да дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду, якая дазваляе карыстальнікам знаёміцца з матэрыяламі, дазволенымі да апублікавання, пры строгім кантролі ўсіх дзеянняў і размежаванні доступу.

Асобны блок дакладу быў прысвечаны лічбавай трансфармацыі сферы. Спікер адзначыла: усё больш арганізацый пераходзяць на электронны дакументаабарот, актыўна выкарыстоўваюць СМДА, і ў найбліжэйшай будучыні архівы будуць прымаць на захоўванне менавіта лічбавыя комплексы дакументаў. Такі пераход, паводле яе слоў, патрабуе не толькі новых тэхналогій, але і асаблівай дысцыпліны, бо электронны дакумент павінен быць захаваны не менш надзейна, чым папяровы. Ключавым элементам гэтай працы дырэктар назвала АІС «Ведамасны архіў». Яна падкрэсліла, што сістэма пабудавана на шматузраўневай абароне: аўтэнтыфікацыя і размежаванне доступу, шыфраванне каналаў перадачы, лічбавыя подпісы і рэзервовае капіраванне. Кожнае дзеянне карыстальніка фіксуецца, што фармуе культуру адказных адносін да дадзеных.

Асаблівую ўвагу Іна Зянонаўна надала чалавечаму фактару пры вядзенні справаводства. Бо дысцыпліна і адказнасць, у тым ліку работнікаў арганізацый, адыгрываюць ключавую ролю ў захаванасці дакументаў.

Завяршаючы выступленне, Пудакевіч адзначыла, што беражлівыя адносіны да інфармацыі датычаць не толькі службовай дзейнасці, але і паўсядзённага жыцця. У свеце імгненных паведамленняў і сацыяльных сетак асабліва важна выхоўваць культуру: не дзяліцца лішнім, правяраць крыніцы, крытычна думаць і памятаць, што лічбавы след застаецца назаўжды. Іна Зянонаўна нагадала, што гісторыя захоўваецца ў дакументах, але будучыня фарміруецца ў нашай адказнасці, і калі мы навучымся паважаць інфармацыю, ніякія вірусы, фэйкі і кібератакі не змогуць пахіснуць гістарычную памяць і здольнасць захоўваць ісціну.

Фокус сустрэчы таксама быў накіраваны на прафарыентацыйную працу са школьнікамі, прысутнымі ў зале. Спікеры адзначылі, што падобныя сустрэчы дапамагаюць не толькі пашырыць іх кругагляд, але і ўсвядоміць перспектывы будучых прафесій, дзе дысцыпліна і павага да інфармацыі будуць ключавымі кампетэнцыямі.

 

1-3. Падчас мерапрыемства
4. Спікеры мерапрыемства