Дакументы ваенных гадоў з фондаў Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Рэчыцы аб аднаўленні Рэчыцкага пладавінзавода

У выніку акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941–1943 гадах Рэчыца была разбурана. Пацярпелі і прамысловыя прадпрыемствы, у ліку якіх – Рэчыцкі пладавінзавод. Згодна з тлумачальнай запіскай да справаздачы аб працы прадпрыемства за 1944 год (Ф.329. Воп.1. Спр.3. Арк.81-81адв), праца завода была адноўлена 2 снежня 1943 года, хутка пасля вызвалення Рэчыцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да другога квартала 1944 года завод быў заняты амаль выключна аднаўленнем сваіх разбураных часткова будынкаў і цэхаў, а таксама ліквідацыяй і перадачай мукамольнага і млынавага абсталявання, якія не мелі адносінаў да вінаробнай прамысловасці. З другога квартала 1944 года пачалі працаваць цэх безалкагольных напояў і цэх па выпрацоўцы водкі-сырца, неабходныя заводу для стымулявання аднаўленчых работ і аказання дапамогі сваім рабочым і служачым. Асноўныя цэхі – сокавы і вінны – аднавілі працу са жніўня 1944 года.

Паколькі аднаўленне прадпрыемства ішло ў цяжкіх матэрыяльных і эканамічных умовах, гадавы план па вытворчасці і загатоўцы выканаць не ўдалося. Тым не менш з часам старанная праца работнікаў дазволіла Рэчыцкаму пладавінзаводу аднавіцца з руін і наладзіць паспяховую вытворчасць алкагольных і безалкагольных напояў.

 

1. ЗДАРэч. Ф.329. Воп.1. Спр.3. Арк.81
2. ЗДАРэч. Ф.329. Воп.1. Спр.3. Арк.81адв