Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент аб генацыдзе нямецка-фашысцкіх захопнікаў у адносінах да жыхароў Хойнікшчыны
У архіўнай калекцыі лічбавых копій на правах арыгіналаў дакументаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі СССР па расследаванню злачынстваў фашызму захоўваецца пратакол допыту сведкі распраў нямецкіх акупантаў і іх памагатых над мірным насельніцтвам – жыхаркі вёскі Навасёлкі Хойніцкага раёна Анны Адамаўны Чакан (Ф.864. Воп.1. Спр.11. Арк.84-84адв). Вось што яна ўспамінала аб зверствах гітлераўцаў:
«10 чэрвеня 1943 года ў чатыры гадзіны раніцы атрад нямецкіх салдат заехаў на аўтамашынах у пасёлак Зялёны Гай Навасёлкаўскага сельсавета, дзе я са сваёй сям’ёй пражывала. [Немцы] акружылі пасёлак і падпалілі яго. Людзей са ўсяго пасёлка нямецкія салдаты пачалі зганяць у адзін двор на сход. Але там сходу не было, а салдаты пачалі хапаць людзей і жыўцом кідаць іх ў агонь. Так, напрыклад, сям’ю Раманенкі Мірона склалі ў кучу ў свіранчык ва двары, аблілі газай і запалілі. Хлопчык іх двух гадоў моршчыўся ад болю і жудасна крычаў. Хлопчык Шлег Леанід сямі гадоў хацеў уцякаць. Яго схапіў нямецкі салдат і кінуў у агонь дома, які гарэў. Мне ўдалося ўцячы і схавацца на сваім агародзе ў зялёнай траве, а муж мой пайшоў рана ў сяло Навасёлкі па справе, [дзякуючы чаму] таксама ўцалеў. Але нямногія ўцалелі з 33 сямей – толькі 3 сям’і ўцалела. Назаўтра, калі немцы ўехалі, мы знаходзілі шмат людзей у калодзежах, на папялішчах – кускі рук, ног апаленых. <...> Усіх спаленых і расстраляных мірных грамадзян у нашым пасёлку Зялёны Гай было падлічана 93 чалавекі».
![]() |
![]() |
| 1-2. ЗДАРэч. Ф. 864. Воп. 1. Спр. 11. Арк. 84-84адв |

