Удзел БДАМЛМ ў юбілейным вечары «Майстэрства натхнёнае, узнёслае»

 

12 лістапада 2025 года ў сярэдняй школе №4 г.Мінска адбыўся юбілейны вечар «Майстэрства натхнёнае, узнёслае», прысвечаны 100‑годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, народнага артыста БССР Юрыя Уладзіміравіча Семянякі.

Мерапрыемства падрыхтавана Беларускім таварыствам архівістаў (далей — БТА) і Беларускім дзяржаўным архівам‑музеем літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) сумесна з сярэдняй школай №4 і дзіцячай музычнай школай мастацтваў №2 ім.М.І.Аладава г.Мінска.

Асаблівымі гасцямі мерапрыемства сталі дачка кампазітара І.Ю. Семяняка і кіраўнік маладзёжнай секцыі Беларускага саюза кампазітараў І.А.Кулагіна.

З уступным словам выступіла дырэктар БДАМЛМ і старшыня БТА А.А.Макаранка. Яна падкрэсліла, што архіў-музей з’яўляецца адной з унікальных архіўных устаноў краіны, у якой захоўваюцца дакументы Беларускага саюза кампазітараў і фонды асабістага паходжання творцаў, што ўнеслі значны ўнёсак у развіццё нацыянальнай музычнай культуры. Супрацоўніцтва з дзіцячымі музычнымі школамі і сярэднімі школамі музычнай накіраванасці дазволіць больш шырока папулярызаваць гэтыя дакументы і такім чынам абуджаць цікавасць да беларускай музыкі ў моладзі. А.А.Макаранка выказала спадзяванне, што арганізацыя юбілейнага вечара, прысвечанага Юрыю Семяняку – пачатак серыі сустрэч, прысвечаных вядомым кампазітарам Беларусі.

Загадчыца аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ В.В.Біруля прэзентавала віртуальную выставу «Майстэрства натхнёнае, узнёслае», падрыхтаваную на аснове асабістых дакументаў кампазітара з фондаў БДАМЛМ. У ёй прадстаўлены дакументы, якія ілюструюць творчы шлях і грамадскую дзейнасць творцы: нотныя рукапісы, афішы і праграмы спектакляў, падзякі, віншавальныя тэлеграмы і лісты ад вядомых дзеячаў культуры.

Вечар упрыгожылі разнастайныя музычныя нумары, якія выканалі выкладчыкі і навучэнцы сярэдняй школы №4 і дзіцячай музычнай школы мастацтваў №2 ім. М.І.Аладава. Прагучалі творы на музыку Ю.У.Семянякі – галоп з оперы «Калючая ружа», песня «Люблю цябе, Белая Русь».

БДАМЛМ шчыра дзякуе ўсім удзельнікам юбілейнага вечара, які стаў пацвярджэннем таго, што спадчына Юрыя Уладзіміравіча Семяняка працягвае жыць, гучаць і выхоўваць новыя пакаленні музыкантаў.

 

1. На юбілейным вечары ў памяць кампазітара Ю.У.Семяняка
2. Выступленне А.А.Макаранкі
3. Выступленне І.А.Кулагінай
4. Вядучыя мерапрыемства – вучні сярэдняй школы №4
5. В.В.Біруля прадставіла віртуальную выставу «Майстэрства натхнёнае, узнёслае»
6. Педагогі сярэдняй школы №4 падчас выступлення
7. Падчас выканання «Элегіі» Уладзіміра Солтана
8. Выкананне галопа з оперы «Калючая ружа» на музыку Ю.У.Семянякі
9. Навучэнцы дзіцячай музычнай школы мастацтваў №2 ім. М.І.Аладава падчас выступлення