Дакументальная выстава «Архівісты – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гг». падрыхтавана Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь да Дня архівіста

Кожны год 6 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень архівіста, замацаваны Указам Прэзідэнта №157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» ад 26 сакавіка 1998 г. Гэтае свята заснавана ў гонар гадавіны заснавання першага цэнтралізаванага дзяржаўнага архіва на тэрыторыі сучаснай Беларусі – Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг, які распачаў сваю працу ў 1863 г. і праіснаваў да 1903 г. Неабходнасць стварэння дадзенага архіва была звязана з частымі выпадкамі падробак запісаў у актавых кнігах, якія да гэтага захоўваліся ў судовых установах і былі даступныя для рознага роду фальсіфікацый.

Праца архівіста, або архіварыуса, як казали раней, многім можа здацца сумнай, манатоннай і аднастайнай, але на самай справе гэта далёка не так – гэта адна з самых захапляльных і інтрыгуючых прафесій, якая дазваляе сутыкнуцца з няпростымі хітраспляценнями чалавечых лёсаў. У сярэднія вякі такімі спецыялістамі станавіліся толькі святары, якія заслужылі асаблівую павагу і давер.

На сённяшні дзень у архіўных сховішчах Беларусі знаходзіцца больш за 13 000 000 розных дакументаў. Паступова самыя каштоўныя дакументы пераносяцца на лічбавыя носьбіты – усё гэта робіцца для забеспячэння надзейнай захаванасці дакументаў для будучых пакаленняў.

Да Дня архівіста Нацыянальны архіў Рэспублiкi Беларусь прадстаўляе дакументальную выставу «Архівісты – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гг.», якая дапаўняе фотадакументальную экспазіцыю «Вясна Перамогі» і прысвечана 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. На выставе прадстаўлены ўнікальныя архіўныя дакументы: дакладныя запіскі кіраўнікоў архіўных устаноў аб камандзіроўцы супрацоўнікаў для адбору архіўных матэрыялаў у Рыгу і аб выніках рээвакуацыі; спісы работнікаў ЦДАКР БССР, якія маюць урадавыя ўзнагароды; звесткі аб колькасці дакументальных матэрыялаў у раённых дзяржаўных архівах БССР; асабістыя лісткі па ўліку партызанскіх кадраў; узнагародныя лісты, службовыя характарыстыкі супрацоўнікаў ЦДАКР БССР, і іншыя.

Сёння, як і шмат гадоў таму, архівы выконваюць мноства функцый. Але сутнасць працы архівістаў заўсёды заставалася і застаецца нязменнай – захаванне дакументальнага гістарычнага багацця Беларусі.

Ад усёй душы сардэчна віншуем працаўнікоў архіўнай справы з прафесійным святам і жадаем усяго найлепшага!

 

1. Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка знаёміць з выставай архіўных дакументаў
2. Работнікі НАРБ знаёмяцца з архіўнымі дакументамі
3. Дакументальная выстава «Архівісты – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гг».
4. Дакументальная выстава «Архівісты – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гг».
5. Дакументальная выстава «Архівісты – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гг».