Удзел БДАМЛМ ў прэзентацыі кнігі «Породнённые войной и целиной» у Музеі Якуба Коласа
![]() |
30 верасня 2025 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася прэзентацыя зборніка «Породнённые войной и целиной». Гэта выданне стала вынікам сумеснага праекта Міністэрства культуры і інфармацыі Рэспублікі Казахстан, Саюза пісьменнікаў Казахстана, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ), Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Кніга распавядае пра беларуска-казахскія сувязі і кантакты ў галіне літаратуры, якія зарадзіліся ў 1936 годзе, калі ў Мінску адбыўся пленум Саюза пісьменнікаў СССР. У гады вайны Казахстан стаў домам для тысячы эвакуяваных беларусаў, у тым ліку дзеячаў культуры. Сярод воінаў Чырвонай Арміі і партызан, якія мужна змагаліся з гітлераўскімі захопнікамі на тэрыторыі Беларусі, былі вядомыя казахскія літаратары – Адзі Шарыпаў, Жубан Мулдагаліеў, Сагінгалі Сеітаў. У пасляваенныя гады казахска-беларускія літаратурныя кантакты памнажаліся і пашыраліся.
З фондаў БДАМЛМ для праекта былі адабраны 22 дакументы і перададзены 63 электронныя файлы. Гэта пераважна творчыя дакументы з фондаў беларускіх паэтаў і перакладчыкаў Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Сяргея Грахоўскага, Язэпа Семяжона, Міколы Хведаровіча, Навума Кісліка і інш.У ліку прадстаўленых матэрыялаў – аўтографы вершаў на беларускай мове, пераклады іх на казахскую мову, лісты, фатаграфіі і тэксты выступаў казахскіх літаратараў.
Дырэктар архіва-музея А.А.Макаранка выступіла з прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства, падкрэсліўшы важнасць беларуска-казахскага супрацоўніцтва ў сферы культуры і архіўнай справы. Загадчыца аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ В.В.Біруля падзялілася асаблівасцямі працы па выяўленні дакументаў для падрыхтоўкі зборніка «Породнённые войной и целиной».
Галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа В.В.Міцкевіч дэталёва асвятліла шматгранныя сувязі беларускіх і казахскіх пісьменнікаў, надаўшы асаблівую ўвагу ролі Якуба Коласа ў развіцці гэтых сувязяў.
Беларускі паэт і публіцыст Н.Я.Гальпяровіч сказаў пра значэнне праекта і прачытаў свой верш, надаўшы вечару асаблівую лірычную ноту.
Прэзентацыя кнігі «Породнённые войной и целиной» стала знакавай падзеяй, якая прадстаўляе глыбокія культурныя сувязі паміж Беларуссю і Казахстанам.
![]() |
| 1. Падчас выступу А.А.Макаранкі |
![]() |
| 2. Падчас выступу В.В.Бірулі |
![]() |
| 3. Дырэктар Музея Я.Коласа І.В.Мацяс і дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка |
![]() |
| 4. Падчас выступу В.В.Міцкевіч |
![]() |
| 5. Падчас выступу Н.Я.Гальпяровіча |





