Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці прапануе віртуальную выставу «Нясвіж. Музей пад адкрытым небам» да Дня народнага адзінства і ў рамках галіновага віртуальнага выставачнага праекта «Гарады Беларусі»

17 верасня наша краіна святкуе Дзень народнага адзінства, прымеркаваны да адной з найважнейшых падзей беларускай гісторыі – уз’яднання ў 1939 годзе Заходняй Беларусі і БССР.

Па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы, заключанай у 1921 годзе, да Польшчы адышла амаль палова тэрыторыі Беларусі, у тым ліку і горад Нясвіж. Далучаныя тэрыторыі сталі ўсходняй ускраінай польскай дзяржавы і выкарыстоўваліся як крыніца сыравіны, таннай працоўнай сілы і рынак збыту.

Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР вызначыла новы этап у гісторыі нашай краіны. Тэрыторыя дзяржавы зноў набыла цэласнасць, пачалося актыўнае развіццё рэгіёна.

Напярэдадні свята, а таксама ў рамках галіновага віртуальнага выставачнага праекта «Гарады Беларусі» Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці прадстаўляе віртуальную выставу «Нясвіж. Музей пад адкрытым небам».