Адкрыццё дакументальнай выставы «Аб чым не раскажуць падручнікі»
28 жніўня 2025 года, напярэдадні новага навучальнага года, у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) адкрылася дакументальная выстава «Аб чым не раскажуць падручнікі».
У 1920-я гг. першачарговымі задачамі ў Савецкім Саюзе, і ў тым ліку ў БССР, сталі развіццё адукацыі на роднай мове, ліквідацыя непісьменнасці i малапiсьменнасцi, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў.
З 1922 г. у БССР уводзілася пачатковая чатырохгадовая школа, а таксама школа з сямігадовым тэрмінам навучання, а ў 1926 г. навучанне ў пачатковай школе стала абавязковым. У 1931/1932 навучальным годзе 98% дзяцей ва ўзросце ад 8 да 11 гадоў былі ахоплены пачатковым навучаннем, што стала несумнеўным і наглядным поспехам савецкай улады.
За гады вайны школьнай адукацыі былі нанесены каласальныя страты. На тэрыторыі Беларусі гітлераўцы разбурылі каля 7000 школ з усім іх абсталяваннем, спалілі і разрабавалі багатыя фонды навучальнай, навуковай і метадычнай літаратуры. Напрыклад, у Мінску акупантамі былі знішчаны 78 школьных будынкаў, Палац піянераў і многія іншыя культурна-асветніцкія ўстановы.
Яркую старонку ў гісторыю народнай адукацыі Беларусі ў перыяд яе акупацыі ўпісалі школы партызанскіх зон. Першыя партызанскія школы пачалі адкрывацца зімой/вясной 1942 г.
З сярэдзіны 1960-х гг. пачаўся пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. Узрастала колькасць сярэдніх школ, паляпшалася іх забяспечанасць неабходнымі сродкамі навучання. У 1975 г. функцыянавала 2300 сярэдніх школ, у тым ліку больш за 100 школ-інтэрнатаў, дзе навучаліся сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў або дзеці з малазабяспечаных сем’яў. Адначасова прымаліся меры па стварэнню стабільных, навукова абгрунтаваных новых навучальных праграм і падручнікаў.
За гады незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь склалася нацыянальная сістэма адукацыі, якая дае магчымасць рэалізаваць канстытуцыйнае права грамадзян. Асноўная адукацыя ў Беларусі ўключае дашкольную, агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і паслявузаўскую. Дэвіз «Адукацыя праз усё жыццё» з’яўляецца не проста гучным слоганам, а жыццёвым прынцыпам беларусаў. Асноўныя прынцыпы развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі – забеспячэнне роўнага доступу і павышэнне якасці адукацыі для кожнага.
На выставе прадстаўлены ўнікальныя дакументы: Дэкрэт ЦВК С.С.Р.Б 1919 г. аб узмацненні харчавання дзяцей, якія наведваюць школы; Пастанова СНК С.С.Р.Б аб размяшчэнні школ у сядзібах былых памешчыцкіх маёнткаў за 1921 г.; Пастанова Прэзідыума Дзяржплана БССР па пытанні аб увядзенні ў БССР усеагульнага навучання ў 1925 г.; Дакладная запіска Старшыні СНК Беларускай ССР І.С.Былінскаму аб пачатку работы школ у вызваленых раёнах рэспублікі ў 1944 г., а таксама Анкета, Правілы паводзін для вучняў, узоры пасведчання аб заканчэнні школы за розныя гады і іншыя цікавыя дакументы.
![]() |
| 1. Афіша выставы «Аб чым не раскажуць падручнікі» |
![]() |
| 2. Дакументальная выстава «Аб чым не раскажуць падручнікі» |
![]() |
| 3. Работнікі НАРБ знаёмяцца з архіўнымі дакументамі |
![]() |
| 4. Работнікі НАРБ знаёмяцца з архіўнымі дакументамі |
![]() |
| 5. Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка расказвае пра найбольш цікавыя дакументы, прадстаўленыя на выставе |
![]() |
| 6. Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка расказвае пра найбольш цікавыя дакументы, прадстаўленыя на выставе |





