Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент аб прысваенні вуліцы г.п.Лоева імя Героя Савецкага Саюза П.А. Акуцыёнка

У кастрычніку 1943 года на Лоеўскім плацдарму ішлі цяжкія баі Чырвонай арміі супраць нямецкага вермахта. Фарсіраваўшы Дняпро, савецкія салдаты рваліся на кручы. Было шмат загіуўшых і параненых, байцы выбіваліся з сіл. Здавалася, вораг вось-вось возьме верх. У рашаючую хвіліну боя дваццацігадовы камандзір узводу Пётр Акуцыёнак падняў байцоў у атаку і з чырвоным флажком кінуўся на пазіцыі ворага. Натхнёныя подзвігам камандзіра, падначаленыя ўзялі прыклад з яго. Быў вызваны артагонь на пазіцыі ворага. Гітлераўцы не вытрымалі націску, і траншэя была ўзята. Аднак у тым баю Акуцыёнак паў смерццю храбрых. Пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

15 кастрычніка 1963 года, у дваццатую гадавіну гібелі воіна, выканкамам Рэчыцкага райсавета дэпутатаў працоўных (з 25 снежня 1962 па 30 ліпеня 1966 года Лоеў уваходзіў у склад Рэчыцкага раёна) было прынята рашэнне №298, згодна з якім імя Героя Савецкага Саюза Пятра Акуцыёнка было прысвоена адной з вуліц Лоева (Ф. 348. Воп. 1. Спр. 106. Арк. 167).

 

1. Герой Савецкага Саюза Пётр Антонавіч Акуцыёнак
2. ЗГАРэч. Ф. 348. Воп. 1. Спр. 106. Арк. 167