Абліччы Перамогі: Цэнтральны архіў Міністэрства абароны і Занальны дзяржархіў у г. Маладзечна напярэдадні 9 мая рэалізавалі сумесны выставачны праект

Маладзечна зноў успамінае герояў, чые подзвігі ўпісаны ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Парадны ўваход у Парк Перамогі зараз упрыгожвае больш за 20 банэраў з рэдкімі архіўнымі фатаграфіямі, дакументамі, узнагародамі, якія адлюстроўваюць баявы шлях ветэранаў, чые лёсы перапляліся з гэтым горадам. Аснову экспазіцыі склалі матэрыялы, прадстаўленыя Цэнтральным архівам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, якія маладзечанскія архівісты дасканала вывучылі, адсістэматызавалі і падрыхтавалі для друку. Прадстаўленыя факты, пацверджаныя дакументальным летапісам, раскрываюць малавядомыя старонкі гісторыі і дэманструюцца ўпершыню.

Выставачны праект рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы Маладзечанскага райвыканкама. Дызайнерскае афармленне і мастацкую канцэпцыю падрыхтаваў гарадскі Палац культуры. Галоўная мэта праекта – захаваць гістарычную памяць і выхаваць патрыятызм у маладога пакалення. Сярод прадстаўленых герояў – як вядомыя маладзечанцам асобы, чые імёны ўвекавечаны ў назвах гарадскіх вуліц (Таўлай, Маўчанскі), так і тыя, чые подзвігі доўга заставаліся ў цені.

Гэты праект – даніна павагі кожнаму ветэрану. Маладзечанская зямля стала для многіх малой радзімай, а нехта пасля вайны дапамагаў адраджаць народную гаспадарку краіны. Дзякуючы працы архівістаў, якія аднавілі і падрыхтавалі гэтыя матэрыялы, мы можам убачыць абліччы тых, хто падарыў нам мірнае неба.

Выстава ўжо прыцягнула ўвагу жыхароў і гасцей горада. Арганізатары спадзяюцца, што яна стане важным крокам у захаванні гістарычнай спадчыны і выхаванні новых пакаленняў у духу павагі і падзякі да подзвігу продкаў.

На фатаграфіях: Выставачны праект «Абліччы Перамогі»