Работнікі БДАМЛМ наведалі выставу «Пушкін. Вайна. Блакада»
14 красавіка 2025 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) у рамках святкавання 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне наведалі адкрыццё выставы «Пушкін. Вайна. Блакада» ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.
Праект прадстаўлены Усерасійскім музеем А.С.Пушкіна і створаны як даніна памяці мастакам – блакаднікам і франтавікам-ленінградцам.
Традыцыя святкавання Дня памяці Пушкіна, якая зарадзілася ў 1925 годзе – 100 гадоў таму – не перарывалася нават у самыя цяжкія гады блакады.
Аснову выставы складаюць партрэты паэта, ілюстрацыі да яго твораў, віды Ленінграда і іншых пушкінскіх месцаў. На экспазіцыі прадстаўлены работы мастакоў Я.Бялухі, І.Білібіна, Э.Галербаха, В.Зверава, Б.Кожына, Л.Круглікавай, К.Ляпілава, М.Тырсы, братоў М. і А.Ушыных, В.Фёдарава, П.Шылінгоўскага і інш. Іх аб’ядноўвае адно – яны жылі, змагаліся і загінулі ў блакадным горадзе, ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Выстава суправаджаецца не толькі біяграфічнымі звесткамі пра мастакоў, але і ўрыўкамі з іх блакадных і франтавых дзённікаў і ўспамінаў. Дзякуючы гэтым дакументальным сведчанням, на першы план выходзіць тэма існавання творчай асобы ў нечалавечых умовах.
Экспазіцыя зрабіла на работнікаў БДАМЛМ моцнае ўражанне, дазволіла дакрануцца да гісторыі, адчуць трагедыю блакаднага Ленінграда і яшчэ раз пераканацца ў вечнай каштоўнасці творчасці А.С.Пушкіна.
![]() |
1. Работнікі БДАМЛМ наведалі выставу ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы |
![]() |
2. На адкрыцці выставы «Пушкін. Вайна. Блакада» |
![]() |
3. Падчас азнаямлення з экспазіцыяй |