Аб правядзенні супрацоўнікамі ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Оршы» ўрока Памяці, прысвечанага трагедыі вёскі Хатынь

21 сакавіка 2025 года, напярэдадні 82-й гадавіны трагедыі вёскі Хатынь, а таксама ў рамках акцыі «Архівы-школе», у дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа №23 г.Оршы» з навучэнцамі 6 класаў вядучым архівістам аддзела выкарыстання дакументаў Дзяржархіва ў г.Оршы Юліяй Градоўка праведзена інфармацыйная гадзіна «Памяць і боль беларускай зямлі. Хатынь».

Сёння мы ўзгадваем сакавіцкі дзень 1943 года, які аб’яднаў усіх жыхароў вёскі Хатынь Мінскай вобласці агульным страшным лёсам. Трагедыя Хатыні – адзін з тысяч фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, якую праводзілі нацысты падчас Вялікай Айчыннай вайны. Нацысты не пашкадавалі ні жанчын, ні дзяцей, ні старых. У агні жыўцом згарэлі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей.

Званы Хатыні нагадваюць аб трагічным лёсе соцень беларускіх вёсак. Хатынскі набат – гэта памяць і перасцярога.

Падчас мерапрыемства юнакі і дзяўчаты азнаёміліся з архіўнымі дакументамі і фатаграфіямі, якія адлюстроўваюць палітыку нацыстаў у дачыненні да мірнага насельніцтва, даведаліся пра падзеі, якія адбыліся ў вёсцы Хатынь, лёс яе жыхароў, а таксама пра створаны на месцы трагедыі мемарыяльны комплекс і музей.

Акрамя таго, увазе навучэнцаў былі прадстаўлены фільмы пра вёску Хатынь, а таксама пра вёску Ола, у якой досвіткам 14 студзеня 1944 года былі забітыя 1758 чалавек, з іх 950 дзяцей. Пра гэты населены пункт амаль нічога не пісалі ў кнігах, пра яго не здымалі дакументальных фільмаў, а відавочцаў гэтых далёкіх падзей ужо няма ў жывых…

На фота: Правядзенне інфармацыйнай гадзіны