Умацаванне прафесійных сувязей: дэлегацыя Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь наведала ЗГА ў г.Маладзечна

15 сакавіка Занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечне наведала дэлегацыя кіруючага складу Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Візіт стаў важным крокам ва ўмацаванні прафесійных сувязей паміж архівамі і абмене вопытам у галіне ўкаранення сучасных тэхналогій, папулярызацыі гістарычнай спадчыны і захавання памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

Дырэктар Цэнтральнага архіва Барыс Горкавы адзначыў высокую кваліфікацыю архівістаў Маладзечна, іх наватарскі падыход у частцы выкарыстання штучнага інтэлекту і актыўную працу з моладдзю. На думку Барыса Мікалаевіча, аб’яднанне намаганняў архівістаў, укараненне сучасных тэхналогій і актыўнае ўзаемадзеянне з грамадствам з’яўляюцца залогам захавання гістарычнай памяці для будучых пакаленняў, адыгрывае ключавую ролю ў справе папулярызацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду.

У сваю чаргу дырэктар Занальнага архіва, Іна Пудакевіч, выказала надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва. Асаблівую значнасць яна надала перспектыве атрымання лічбавых копій асабістых спраў герояў Вялікай Айчыннай вайны Маладзечанскай зямлі, чый уклад у абарону Радзімы – важная частка гістарычнай памяці.

Супрацоўнікам ЦАМА была прадстаўлена прэзентацыя аб дзейнасці занальнага дзяржархіва ў Маладзечне, а таксама аглядная экскурсія па ўстанове. Завяршыла візіт наведванне мемарыяльнага комплексу Шталаг-342, які сёлета адзначае 30-годдзе з дня збудавання.

Удзельнікі ўсклалі кветкі і ўшанавалі памяць загінулых вязняў хвілінай маўчання.

 

1. Кіраўніцтва і супрацоўнікі ЦАМА Рэспублікі Беларусь
2. І.З.Пудакевіч і Б.М.Горкавы
3. Знаёмства з ЗГА ў г.Маладзечна
4. Б.М.Гаркавы знаёміцца з працай аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў, дзяржаўнага ўліку і НСА
5-7. Наведванне Мемарыяльнага комплексу «Шталаг-342»
8. Дэлегацыя ЦАМА Рэспублікі Беларусь ў г.Маладзечна