Рэспубліканская акцыя «Архівы-школе» ў БДАМЛМ
13 лютага 2025 года ў рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе» Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) гасцінна расчыніў свае дзверы для навучэнцаў 3 «Б» класа Рэспубліканскага музычнага каледжа. Юныя музыканты здзейснілі займальнае падарожжа ў свет архіўных дакументаў, даведаўшыся шмат новага пра гісторыю беларускай культуры і мастацтва.
Экскурсія была спецыяльна адаптавана для юнага ўзросту наведвальнікаў. Загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў В.В.Біруля распавяла пра тое, якія фонды змяшчаюцца ў архіве-музеі; пра асаблівасці захоўвання каштоўных дакументаў і музейных прадметаў. Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікалі матэрыялы, звязаныя з гісторыяй беларускай музыкі. Яны ўбачылі арыгінальныя нотныя запісы вядомых беларускіх кампазітараў, даведаліся пра жыццё і творчасць знакамітых музыкантаў і дырыжораў.
У чытальнай зале БДАМЛМ навучэнцы наведалі выставу лялек мастака Аляксея Мартынава «Лялечны народзец», на якой прадстаўлены аўтарскія лялькі, створаныя з дапамогай розных тэхнік і з розных матэрыялаў.
Мэта акцыі «Архівы –школе» – выклікаць у школьнікаў цікавасць да гісторыі і культуры сваёй краіны, пазнаёміць іх з працай архівістаў і паказаць, як ашчадна захоўваюцца гістарычныя дакументы.
Навучэнцы музычнага каледжа выказалі падзяку работнікам БДАМЛМ за цікавую і пазнавальную экскурсію.
![]() |
1. Навучэнцы 3 «Б» класа Рэспубліканскага музычнага каледжа падчас экскурсіі ў БДАМЛМ |
![]() |
2. В.В.Біруля з навучэнцамі Рэспубліканскага музычнага каледжа |
![]() |
3. Падчас знаёмства з выставай «Лялечны народзец» |