Аб правядзенні сустрэчы прафсаюзных лідараў
У 2024 годзе споўнілася 120 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі. Гэтая знакавая дата ў чарговы раз пацвярджае, што прафсаюзы неабходныя ў любыя часы людзям любых прафесій.
5 снежня 2024 г. адбылася сустрэча ў фармаце дыялогу старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Уладзіміра Іосіфавіча Зубрыка са старшынямі пярвічных прафсаюзных арганізацый (далей – ППА) рэспубліканскіх архіўных устаноў, ініцыяваная дырэктарам Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алегам Леанідавічам Воінавым.
Прысутныя мелі магчымасць як задаць пытанні, так і падзяліцца вопытам па самых розных аспектах прафсаюзнай дзейнасці: ад вядзення справаводства і складання наменклатур спраў, што падрабязна асвятліла старшыня ППА Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Т.А.Шаўчэнка, да пытанняў дапамогі маладым спецыялістам у выдзяленні месцаў у інтэрнатах, тэму якіх закрануў старшыня ППА Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі В.В.Рабецкі.
Дырэктар Дэпартамента А.Л.Воінаў нагадаў аб важкай ролі прафсаюзнага лідэра ў калектывах.
Старшыня ППА Дэпартамента Ю.А.Задзіран унесла прапанову аб прадаўжэнні традыцыі арганізацыі павышэння кваліфікацыі для старшынь ППА у 2025 годзе.
Не засталіся па-за ўвагай пытанні павышэння заработнай платы архівістам з 1 студзеня 2025 года, аховы працы, прафесійнага росту маладых работнікаў, правядзенні конкурсаў мастацкай самадзейнасці сярод архівістаў, дзіцячага і дарослага аздараўлення ў прафсаюзных здраўніцах і многія іншыя.
Прысутныя адзначылі, што ў Беларусі выбудавана унікальная сістэма сацыяльнага партнёрства, якая дае магчымасць вырашаць канструктыўна практычна любыя пытанні.
Фармат такіх сустрэч у далейшым будзе працягнуты.
На фота: Падчас сустрэчы