З гісторыі прафсаюзаў Беларусі: выстава да 120-годдзя ФПБ у Занальным дзяржархіве у г.Маладзечна
У 2024 годзе споўнілася 120 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі. Галоўная задача прафесійных саюзаў – аб’яднання намаганняў працоўных у абароне сваіх сацыяльна-эканамічных і палітычных правоў і інтарэсаў. За мінулыя гады для гэтага выкарыстоўваліся самыя розныя формы і метады працы, у асноўным сувымерныя з патрабаваннямі часу, эпохі. Былі і перыяды барацьбы, і перыяды супрацьстаяння, і стваранні, і самаразбурэнні. Падзеі знайшлі адлюстраванне ў тым ліку ў дакументальнай спадчыне. Некаторыя дакументы захоўвае Занальны дзяржархіў у г.Маладзечна.
Першыя аб’яднанні працоўных па прафесійнай прыкмеце з’явіліся ў 1894 г., а да 1904 г. яны былі створаны на тэрыторыі ўсёй Беларусі, фактычна сфармаваўся прафсаюзны рух. Гэта быў этап арганізаванай барацьбы шырокіх мас працоўных, аб’яднаных прафесійнымі саюзамі ў абарону сваіх эканамічных інтарэсаў. Ужо ў маі 1907 года на тэрыторыі Беларусі быў зарэгістраваны 101 прафсаюз, які аб’яднаў 14,5 тысячы членаў. Паступова адбываўся і працэс цэнтралізацыі прафсаюзнага руху, стварэння міжсаюзных органаў, якія аб’ядноўвалі розныя прафсаюзы ў маштабе асобных прафесій.
У пачатку XX стагоддзя прафсаюзы сталі важным інструментам для працоўных, якія імкнуцца палепшыць свае ўмовы працы і жыцці. У Заходняй Беларусі прафсаюзныя арганізацыі пачалі фармавацца як адказ на эксплуатацыю працоўных і сялян. Так, Занальны дзяржархіў у г.Маладзечна захоўвае выпускі газет 1925 – 1926гг. Яны, дзякуючы прафактывістам, ва ўмовах эканамічнай нестабільнасці і палітычных рэпрэсій сталі платформай для абмеркавання сацыяльных пытанняў і абароны правоў чалавека. У перыёдыцы – і нататкі аб аналізе прафсаюзнага развіцця ў свеце, і патрабаванні аб скарачэнні падаткаў і працоўнага дня, і барацьба з беспрацоўем і голадам, заклікі да адзінства і салідарнасці, праграмы святкавання Першамая, эканамічная і палітычная аналітыка, а таксама шматлікае іншае.
У гады Вялікай Айчыннай вайны прафсаюзы ўзялі на сябе вялікую працу па перабазаванні прадпрыемстваў і эвакуацыі мільёнаў працоўных і іх сем’яў ва ўсходнія раёны, аказанні дапамогі ў іх уладкаванні, наладжванні вытворчага жыцця, па развіцці спаборніцтва працаўнікоў тылу пад лозунгам: «Усё для фронта. Усё для перамогі!». Многія актывісты вялі партызанскую барацьбу.
Пасля вайны прафсаюзы Беларусі ўключыліся ў вырашэнне задач аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі, змагаліся за паляпшэнне ўмоў працы і побыту рабочых і служачых, за наладжванне сацыяльнай сферы. Да 1 студзеня 1946 г. у Беларусі было створана 34 рэспубліканскіх, дарожных і басейнавых камітэтаў, 49 абласных камітэтаў прафсаюзаў і 7678 пярвічных прафсаюзных арганізацый. Яны аб’ядноўвалі 334623 члены прафсаюза, або 64,6% агульнай колькасці рабочых і служачых БССР.
У фондах занальнага дзяржархіва захоўваюцца першыя пратаколы і пастановы прэзідыумаў Маладзечанскіх і Мінскіх гарадскіх і абласных галіновых прафсаюзаў, і першыя калектыўныя дамовы, і анкеты дэлегатаў на З’езды ФПБ і міжсаюзныя канферэнцыі, і планы працы, фінансавыя і статыстычныя справаздачы…
За 120 год прафсаюзы сталі самай масавай грамадскай арганізацыяй, якая адыграла важную ролю ў сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці беларускага грамадства. І хаця мянялася структура і склад ФПБ, яе мэты заўсёды заставаліся нязменнымі – каардынацыя дзеянняў па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў грамадзян, умацаванне салідарнасці і адзінства дзеянняў прафсаюзнага руху рэспублікі. Сучасны акцэнт – на развіцці і сістэмы сацыяльнага партнёрства.
Дарэчы, першасная прафсаюзная арганізацыя занальнага дзяржархіва ўваходзіць у склад Маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Пратакол пасяджэння арганізацыйнага бюро па стварэнню абкама гэтага галіновага прафсаюза ад 10 верасня 1956 года таксама знаходзіцца на пастаянным захоўванні ў ЗГА ў г.Маладзечна.
1. Фрагмент выставы |
2. Знаёмства з выставай |
3. Фрагмент выставы |
4. Знаёмства з выставай |
5. Знаёмства з выставай |