Выстава «Міхась Лынькоў: На вялікай хвалі» да 125-годдзя народнага пісьменніка Міхася Лынькова


30 лістапада 2024 года святкуецца 125-годдзе народнага пісьменніка, класіка беларускай савецкай літаратуры Міхаіла Ціханавіча Лынькова, або як ён сам падпісваў свае творы – Міхася Лынькова.

Лёс пісьменніка ў значнай ступені адлюстроўвае няпростую гістарычную эпоху, у якой ён жыў. У 1917 г. М.Лынькоў скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. У 1919 – 1922 гг. служыў у Чырвонай арміі. Важным этапам яго жыцця стала праца ў Бабруйскай акруговай газеце «Камуніст» у 1925 – 1930 гг., якая сфарміравала яго як выдатнага журналіста і пісьменніка. Ён быў актыўным чальцом літаратурнага аб’яднання «Маладняк», у 1938 – 1948 гг. узначальваў Саюз савецкіх пісьменнікаў БССР, падчас Вялікай Айчыннай вайны працаваў ваенным карэспандэнтам, рэдагаваў франтавыя газеты, адначасова зарэкамендаваў сябе як адметны арганізатар і літаратурны крытык. У 1945 г. стаў карэспандэнтам міжнароднай беларускай дэлегацыі на канферэнцыі аб’яднаных нацый у Сан-Францыска і засведчыў падпісанне нашай краінай Статуту ААН. Да канца свайго жыцця ў 1975 г. М.Лынькоў падтрымліваў актыўную грамадскую дзейнасць, доўгія гады ўзначальваў Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР, неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

М.Лынькоў пачынаў сваю пісьменніцкую кар’еру як паэт, але праславіўся як майстра прозы з характэрным для яго прыёмам апісання з акцэнтам на разгортванне падзеі. Яму належаць знакавыя для свайго часу апавяданні «Гой», «Андрэй Лятун», «Астап», «Васількі», аповесці «На чырвоных лядах», «Міколка-паравоз», «Агні Танганьікі», раман-эпапея «Векапомныя дні». Як пісьменнік і літаратуразнаўца ён аказаў значны ўплыў на сваіх сучаснікаў, а потым і на беларускіх пісьменнікаў і чытачоў пасляваеннага пакалення.

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва падрыхтаваў да юбілея народнага пісьменніка выставу «Міхась Лынькоў: На вялікай хвалі», якая прадстаўляе дакументы, прысвечаныя яго біяграфіі, пісьменніцкай, журналісцкай і грамадскай дзейнасці. Адным з першых, крытычных і адначасова ўдзячных яе наведвальнікаў стаў сын пісьменніка, выдатны беларускі вучоны, доктар тэхнічных навук Леанід Міхайлавіч Лынькоў.

На фота: Выстава «Міхась Лынькоў: На вялікай хвалі» у чытальнай зале БДАМЛМ