Падведзены вынікі прафесійнага конкурсу «Лепшы архівіст Беларусі» 2024 года

27-28 лістапада 2024 г.адбылося падвядзенне вынікаў прафесійнага конкурсу «Лепшы архівіст Беларусі».

Конкурс праводзіўся ў два этапы. Першы этап праходзіў у завочным фармаце па пісьмовых работах удзельнікаў. У бягучым годзе тэматыка конкурсных работ была вызначана як «Беларусь памятае… Малавядомыя факты аб Вялікай Айчыннай вайне і аднаўленні народнай гаспадаркі ў пасляваенны перыяд у архіўных дакументах» і прысвечана 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Другі этап конкурсу праводзіўся на базе дзяржаўнай установы «Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі» ў выглядзе выканання ўдзельнікамі тэарэтычных і практычных заданняў па асноўных напрамках архіўнай справы і прэзентацый конкурсных работ.

Прафесійны конкурс праводзіцца раз на два гады і карыстаецца вялікім аўтарытэтам у архіўнай галіне. Задачамі конкурсу з’яўляюцца: выяўленне і падтрымка найлепшых архівістаў, якія паказалі высокі ўзровень прафесіяналізму; фарміраванне станоўчага ладу архіўнай галіны і павышэнне грамадскага статусу прафесіі архівіста; актывізацыя пазнавальнай дзейнасці архівістаў да гісторыі Беларусі на базе архіўных дакументаў.

Арганізатарам конкурсу «Лепшы архівіст Беларусі» выступіў Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі пры актыўным удзеле Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

Удзел у конкурсе прынялі 28 архівістаў з усіх рэгіёнаў краіны.

Па выніках конкурснай камісіяй былі абвешчаныя лаўрэаты конкурсу, якімі сталі:

першае месца – Катлярэвіч Наталля Віктараўна, загадчык архівасховішча Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці;

другое месца – Жандарава Галіна Сяргееўна, вядучы архівіст ЗГА ў г.Рэчыцы;

трэцяе месца падзялілі Мінко Кацярына Мар’янаўна, архівіст першай кваліфікацыйнай катэгорыі ЗГА ў г.Лідзе і Пісарук Наталля Анатольеўна, загадчык аддзела ЗГА ў г.Навагрудку.

У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Воінаў А.Л. і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Патапенка С.У., які адзначыў важнае месца архіваў у жыцці беларускага грамадства.

За высокія вынікі ў конкурсе Патапенка С.У. былі ўручаны дыпломы Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Катлярэвіч Н.В., Жандаравай Г.С., Мінко А.М. і Пісарук Н.А.

Таксама адзначаны пераможцы ў спецыяльных намінацыях:

Драгун А.М. (Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці) – «За лепшую конкурсную работу»,

Мінко А.М. (ЗГА ў г.Лідзе) – «За выдатныя веды тэорыі і практыкі архіўнай справы»,

Жандарава Г.С. (ЗГА ў г.Рэчыцы) – «За лепшую прэзентацыю».

У завяршэнні мерапрыемства дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Воінаў А.Л. падзякаваў удзельнікам і адзначыў, што асаблівасцю праведзенага конкурсу стаў удзел у ім як вопытных і спелых архівістаў, так і маладых, перспектыўных работнікаў архіваў.

А.Л.Воінаў павіншаваў пераможцаў і пажадаў далейшага прафесійнага росту і дасягненняў.

Віншуем пераможцаў конкурса!

 

1. Уступнае слова дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству А.Л.Воінава
2. Удзельнікі конкурсу «Лепшы архівіст Беларусі» выконваюць пісьмовае заданне
3. Вынікі конкурсу падвёў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству А.Л.Воінаў
4. Пераможцам прафесійнага конкурсу «Лепшы архівіст Беларусі» стала Наталля Катлярэвіч (Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці)
5. Дыплома другой ступені ўдастоена Галіна Жандарава (Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы)
6. Дыплома трэцяй ступені ўдастоена Кацярына Мінко (Занальны дзяржаўны архіў у г.Лідзе)
7. Дыплома трэцяй ступені ўдастоена Наталля Пісарук (Занальны дзяржаўны архіў у г.Навагрудку)
8. У глядзельнай зале мерапрыемства
9. Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству А.Л.Воінаў уручыў старшыні Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў С.У.Патапенку памятныя падарункі.
10. Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству А.Л.Воінаў і старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў С.У.Патапенка з пераможцамі прафесійнага конкурсу «Лепшы архівіст Беларусі»
11. Фота на памяць